У парадку дня гэты пункт сфармуляваны як «пагроза міжнароднаму міру і бясьпецы».
Тэлеканал «Настоящее время» вядзе трансьляцыю з паседжаньня:
Што сказалі прадстаўнікі краінаў-чальцоў Рады бясьпекі ААН падчас паседжаньня:
- Прадстаўнік Альбаніі нагадаў, што пераможца на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі (Ціханоўская. — РС) выказалася супраць разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі.
- Прадстаўнік Кітаю падкрэсьліў, што Пэкін стаіць на пазыцыі нераспаўсюду ядзернай зброі, у тым ліку і ў іншых краінах.
- Прадстаўнік Мальты: «Нераспаўсюд ядзернай зброі — гэта безальтэрнатыўны шлях. Расея вядзе бяздумныя дзеяньні на Запароскай АЭС. Украіна ў свой час добраахвотна адмовілася ад ядзернай зброі пад гарантыі Расеі, але яны не матэрыялізаваліся. Заклікаем Беларусь усьвядоміць адказнасьць сваіх дзеяньняў, калі яна будзе падтрымліваць пляны Расеі».
- Прадстаўнік Вялікай Брытаніі: Пуцін выкарыстоўвае безадказную ядзерную рыторыку. Расея, абгрунтоўваючы неабходнасьць увядзеньня ядзернай зброі ў Беларусь пастаўкамі адпаведнай зброі Ўкраіне, уводзіць у зман: Брытанія перадае Ўкраіне звычайную, а ня ядзерную зброю. Просім Лукашэнку спыніцца ў патураньні Пуціну.
- Прадстаўнік Расеі заявіў, што яго ўразіла спасылка на ліст Ціханоўскай — «з такім жа посьпехам можна спаслацца на меркаваньне Гуайдо». Ён матываваў разьмяшчэньне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі «гарантаваньнем бясьпекі саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі» і заявіў, што ядзерная зброя будзе пад кантролем Расеі.
- Прадстаўнік Японіі: Расея не павінна перарваць 77-гадовы рэкорд непрымяненьня ядзернай зброі. Японія заклікае Расею і Беларусь спыніць любыя дзеяньні, якія павялічваюць напружанасьць, а Расею — вывесьці войскі з Украіны.
- Прадстаўнік Украіны: Гэта чарговы крок злачыннага рэжыму Пуціна, які падрывае сыстэму міжнароднай бясьпекі ў цэлым. Ядзерны шантаж — інструмэнт, якім Расея карыстаецца з моманту нападу на Ўкраіну. Крэмль гатовы пагражаць сьвету ядзерным Апакаліпсісам. Але Крэмль не гатовы перастаць парушаць Статут ААН і міжнароднае права. Трэба не дапусьціць разбурэньня архітэктуры ядзернай бясьпекі.
- Прадстаўнік Беларусі Валянцін Рыбакоў выступіў у агрэсіўна-наступальным стылі. Некаторыя тэзісы выступу: у 1993 годзе Беларусь зрабіла сьвядомы выбар і добраахвотна адмовілася ад ядзернай зброі безь якіх бы там ні было ўмоваў. Цяпер Беларусь зазнае беспрэцэдэнтны ціск, што зьяўляецца парушэньнем Будапэшцкага мэмарандуму. Мэты ціску — зьмены геапалітычнага курсу і ўнутрыпалітычнага ўладкаваньня Рэспублікі Беларусь. Навучаньне Расеяй беларускіх пілётаў, мадэрнізацыя, магчымае разьмяшчэньне тактычнай ядзернай зброі — рэакцыя на выклікі і рызыкі, перад якімі стаіць Рэспубліка Беларусь. Кантроль застаецца ў Расейскай Фэдэрацыі. Заклікаем Украіну патрабаваць ад ЗША вывесьці сваю ядзерную зброю з Бэльгіі, Нідэрляндаў і іншых эўрапейскіх краінаў. Ня ўмешвайцеся ў нашы ўнутраныя справы і не спрабуйце разважаць пра жаданьні беларускага народу падчас прыняцьця народам рашэньняў.
Уладзімір Пуцін 25 сакавіка заявіў пра тое, што 1 ліпеня ў Беларусі скончаць будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю.
Лукашэнка абгрунтоўваў разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі патрэбай захаваньня сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны. Ён таксама зазначыў, што аддаў распараджэньне вайскоўцам неадкладна аднавіць пляцоўкі, на якіх былі разьмешчаныя ядзерныя боегалоўкі.
Ад расейскага боку ніякай інфармацыі пра тое, што тактычную ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі будуць кантраляваць беларускія вайскоўцы, не паступала. Разам з тым некаторыя апытаныя Свабодай вайсковыя экспэрты падазраюць, што перакіданьне такой зброі стане этапам стварэньня паўнавартаснай вайсковай базы РФ у краіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NATO ўзмацніла паветраную выведку каля межаў Расеі, Беларусі і Ўкраіны пасьля заявы Пуціна аб разьмяшчэньні ядзернай зброі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская выведка заявіла аб татальным кантролі за магчымым перамяшчэньнем ядзернай зброі з Расеі ў Беларусь