31 сакавіка суд у Астане прызнаў экс-уладальніка франшызы Mcdonald’s у Беларусі і Казахстане Кайрата Баранбаева вінаватым у буйных крадзяжах і адмываньні грошай і прысудзіў 8 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці, паведамляе «Интерфакс».
Баранбаева і іншых фігурантаў справы прызналі вінаватымі ў крадзяжы 14,5 млрд тэнге пры перапродажы газу.
Кайрата Баранбаева затрымалі ў сакавіку 2022 году. Ён лічыцца адным з найбагацейшых людзей Казахстана. Сярод іншага, Баранбаеў валодае франшызай Mcdonaldʼs у Беларусі і ў Казахстане.
У лістападзе 2022 году зьявілася паведамленьне пра сыход McDonald’s зь Беларусі. Спачатку паведамлялі, што сетка хуткага харчаваньня працягне працаваць пад расейскім брэндам «Вкусно и точка», але гэтага не адбылося. Паводле інфармацыі СМІ, франшызу забараніў мяняць асабіста Лукашэнка.
У цяперашні час беларускі экс-McDonald’s працуе пад назвай кампаніі, якая валодае франшызай, — «КСБ Віктары Рэстараны».
Уладальнікам беларускай кампаніі застаецца зарэгістраваная ў Сынгапуры Ksb victory restaurants pte. Ltd. Кіраўніца беларускай фірмы — Вікторыя Данько. Раней паведамлялася, што празь іншыя кампаніі яна валодае акцыямі фірмы сумесна з бізнэсоўцам з Казахстану Кайратам Баранбаевым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наша Ніва»: «Макдональдс» застаецца ў Беларусі, Лукашэнка забараніў мяняць франшызу