Беларускія і расейскія тэнісісты змогуць узяць удзел ва Ўімблданскім турніры сёлета, але толькі ў нэўтральным статусе. Пра гэта гаворыцца 31 сакавіка ў афіцыйнай заяве арганізатараў турніру:
«Цяпер мы маем намер прымаць заяўкі ад расейскіх і беларускіх гульцоў пры ўмове, што яны выступаюць як „нэўтральныя“ спартоўцы і выконваюць адпаведныя ўмовы. Выяўленьне падтрымкі ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў розных формах будзе забаронена, удзел гульцоў, якія атрымліваюць фінансаваньне ад расейскай і/або беларускай дзяржавы ў сувязі зь іх удзелам у Чэмпіянаце будзе забаронены».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нянавісьць у распранальні». Чаго ня хоча разумець СабаленкаУ заяве таксама зазначаецца, што тэнісныя спаборніцтвы за межамі Вялікай Брытаніі ўжо год праводзяцца з удзелам гульцоў з Расеі і Беларусі як «нэўтральных» спартоўцаў. Арганізатары Ўімблдану падкрэсьлілі важнасьць скаардынаваных дзеяньняў зь іншымі турнірамі «Вялікага шлему».
Ен Г'юіт, кіраўнік Усеангельскага тэніснага клюбу, назваў рашэньне аб допуску расейскіх і беларускіх тэнісістаў вельмі складаным, але падкрэсьліў, што яно найбольш прымальнае сёлета. У 2022 годзе арганізатары турніру забаранілі беларускім і расейскім тэнісістам удзельнічаць у матчах з прычыны агрэсіі Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны.
Уімблдан — адзін з найбольш прэстыжных тэнісных турніраў у сьвеце. Ён уваходзіць у сьпіс турніраў «Вялікага шлему».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве патлумачылі, чаму выступаюць супраць удзелу Расеі і Беларусі ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт МАК выступіў за допуск беларускіх і расейскіх спартоўцаў да міжнародных спаборніцтваў у нэўтральным статусе