Марыя Каленік, асуджаная ў «справе студэнтаў», пасьля вызваленьня з калёніі выехала зь Беларусі. Увосень яна пачне вучыцца ў Віленскай акадэміі мастацтваў.
«Я не адчувала сябе ў бясьпецы. Цяпер я вельмі хачу прадоўжыць удзельнічаць у жыцьці краіны. Садзейнічаць таму, каб Беларусь стала новай Беларусьсю. Чаму? Бо хачу мець магчымасьць вяртацца дадому — туды, дзе мая сям’я, сябры. Хачу мець права працаваць на любой працы ў Беларусі, а ня толькі на той, куды мяне возьмуць праз судзімасьць», — расказала Марыя Каленік у інтэрвію праекту politzek.me.
Дзяўчына расказала, як сядзела ў сьледчым ізалятары і як адбывала пакараньне ў калёніі, дзе перасякалася яшчэ з адной палітзьняволенай — Марыяй Калесьнікавай.
«Яна [Марыя Калесьнікава] вельмі натхняла. Яе швейная машынка стаіць пад самай відэакамэрай, і без дазволу начальніка цэху або майстра нікому нельга за яе сядаць», — сказала Марыя Каленік.
Паводле яе, у калёнію перад прыездам Калесьнікавай пачалі пераводзіць людзей з рэпутацыяй «чалавека-падставы».
«Быў выпадак, калі асуджаная з такой рэпутацыяй ненадоўга папрасіла ў Марыі гадзіньнік. І тут адразу ж прыйшоў апэратыўны супрацоўнік і знайшоў іх. Усё было сплянавана. Паводле правілаў унутранага распарадку перадаваць рэчы нельга, таму яны абедзьве атрымалі рапарт, але тую дзяўчыну не пакаралі, а Марыю пазбавілі спатканьня. Праз адну з „падстаў“ яна нават у ШЫЗА сядзела», — сказала Каленік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы апублікавалі новыя факты ціску на вязьняў гомельскай жаночай калёнііДзяўчына дадала, што ў калёніі вельмі баяцца, што асуджаныя будуць падтрымліваць дачыненьні і размаўляць з Калесьнікавай. «Зрабілі зь яе нешта наконт бомбы, зь якой знаходзіцца побач небясьпечна для ўсіх.
Магчымыя размовы зь ёй кантралююць, таму і мы, і Марыя імкнуліся не падстаўляць адна адну: проста падміргвалі пры сустрэчы, усьміхаліся. Калі заўважалі, што ў яе нафарбаваныя вусны, гэта ўзьнімала настрой. Хоць шмат асуджаных не па палітыцы гэта раздражняла. „Фу, зноў нафарбавалася“, — казалі яны, а нас гэта натхняла», — расказала Марыя Каленік.
Паводле яе, у калёніі забаранялі абмяркоўваць тэму вайны ва Ўкраіне. «Перад тэлефанаваньнем сваякам нам казалі: „Нават ня думайце пытацца пра Ўкраіну. Ніякіх навін. Толькі пра прыроду, надвор’е, і як там вашыя блізкія“. Папярэджвалі з напругай у голасе. Званкі слухалі апэратыўнікі, начальнік атраду. Яны быццам спрабавалі поўнасьцю адгарадзіць нас ад гэтых навін», — дадала дзяўчына.
16 ліпеня 2021 году Савецкі раённы суд Менску вынес прысуды ў «справе студэнтаў». 10 студэнтаў, выкладчыцу і выпускніцу прызналі вінаватымі ў арганізацыі студэнцкіх акцый пратэсту і ў злачынстве ў складзе групы. Большасьць з 12 абвінавачаных затрымаў КДБ 12 лістапада 2020 году.
Усе асуджаныя ў гэтай справе адбылі сваё пакараньне і ў канцы 2022 году выйшлі на волю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На волю выйшла апошняя асуджаная у «справе студэнтаў»Што вядома пра фігурантаў «студэнцкай справы»
Анастасія Булыбенка
Былая студэнтка машынабудаўнічага факультэту БНТУ. Затрымалі 12 лістапада 2020 году, з таго часу пад вартай. 19 гадоў.
Вікторыя Гранкоўская
Былая студэнтка архітэктурнага факультэту БНТУ. Вікторыя страціла бацькоў у вельмі малым узросьце. Яе і старэйшага брата гадавала бабуля. Скончыла Горадзенскі каледж мастацтваў, працавала ў школе мастацтваў у Дзятлаве. Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 24 гады.
Алана Гебрэмарыям
Выпускніца Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту. Як актывістка «Моладзевага блёку» брала ўдзел у выбарчай кампаніі 2019 году ў Палату прадстаўнікоў. Летась Алана стала сябрам Каардынацыйнай рады. Сьвятлана Ціханоўская прызначыла яе сваёй прадстаўніцай у справах моладзі. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу ўтрымліваецца пад вартай. 24 гады.
Глеб Фіцнер
Студэнт чацьвёртага курсу Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Скончыў прэстыжную лінгвістычную гімназію-каледж № 24, цікавіцца эканомікай і фінансамі. Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 22 гады.
Тацяна Якельчык
Студэнтка 2-га курсу мэхмату БДУ, займаецца паўэрліфтынгам і спартовымі танцамі. Затрымалі супрацоўнікі КДБ 27 лістапада летась.
Ягор Канецкі
Студэнт біялягічнага факультэту БДУ, сябра «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў», актывіст «Вольнага прафсаюзу». Ягор — выпускнік хіміка-біялягічнага профілю Менскага дзяржаўнага абласнога ліцэю, актывіст Вольнага прафсаюзу БДУ. Быў затрыманы летась 12 лістапада, з таго часу ўтрымліваецца пад вартай. 21 год.
Яна Арабейка
Студэнтка Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, актывістка, прыхільніца «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў». Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 20 гадоў.
Ксенія Сырамалот
Студэнтка факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ, прэс-сакратарка «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў», валянтэрка праваабарончага цэнтру «Вясна». Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 21 год.
Кася Будзько
Студэнтка 3-га курсу факультэту эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, прыхільніца «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў». Мастачка, ілюстратарка. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 19 гадоў.
Ільля Трахтэнберг
Былы студэнт матэматычнага факультэту БДУ. Ільлю адлічылі з другога курсу летась у канцы кастрычніка, хоць ён атрымліваў павышаную стыпэндыю, і ўручылі позву ў ваенкамат. Прадзед Ільлі — знакаміты савецкі архітэктар Навум Трахтэнберг, паводле праекту якога была ўзноўленая цэнтральная частка Менску. Ільлю затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу ён пад вартай. 19 гадоў.
Марыя Каленік
Студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, вывучае экспазыцыйны дызайн. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 22 гады.
Вольга Філатчанкава
Выкладчыца БДУІР, удзельнічала ў страйку супрацоўнікаў унівэрсытэту і была адной з удзельніц відэазвароту да беларусаў супраць гвалту. На прэзыдэнцкіх выбарах 2020-га была незалежнай назіральніцай. Вользе 42 гады. Яна адна выхоўвае 7-гадовую дачку. Яе старэйшаму сыну 18 гадоў, ён студэнт. Яе затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу Вольга знаходзіцца пад вартай.