29 сакавіка парлямэнцкі Камітэт нацыянальнай бясьпекі і абароны (ПКНБА) ухваліў зьмякчэньне абмежаваньняў для расейцаў і беларусаў, прадугледжана больш выключэньняў, піша літоўскі партал Delfi.lt.
Праект законаў быў раней ухвалены парлямэнтам Літвы у першым чытаньні.
29 сакавіка на камітэце дэпутаты ўхвалілі абмежаваньне правоў расейцаў і беларусаў на ўвоз і вываз з тэрыторыі Літвы наяўных грошай, забаронены ўвоз украінскіх грыўняў. Таксама падтрымалі прапанову фракцыі Партыі свабоды дазволіць больш шырокаму колу грамадзян Расеі купляць нерухомасьць у Літве (тым, у каго ёсьць часовы або пастаянны дазвол на жыхарства ў Літве) і прымаць нерухомасьць у спадчыну.
Астатнія грамадзяне Расеі і кампаніі, якія ім належаць, ня змогуць набыць нерухомасьць.
Сябры ПКНБА таксама падтрымалі прапанову дэпутата Ёнаса Яруціса адтэрмінаваць уступленьне ў сілу абмежаваньня на выдачу часовага дазволу на жыхарства беларусам да 1 ліпеня 2023 году.
«Гэта зьвязана зь бізнэсам. У Літве больш за 50% кіроўцаў-дальнабойнікаў — грамадзяне Беларусі. Некаторыя, іх больш за тысячу, стаяць у чарзе на курсы, якія дазваляюць працаваць у ЭЗ і ў Літве. Гэта было б сур’ёзнай праблемай і цяжарам для літоўскага транспартнага сэктару, якому і без таго не хапае кіроўцаў», — сказаў Яруціс.
Дыскусію выклікала пытаньне прыпыненьня прыёму заявак на атрыманьне літоўскага грамадзянства. Нягледзячы на заўвагі, сябры камітэту ўхвалілі прапанову дэпутата Лаўрынаса Кашчунаса пакінуць гэтае абмежаваньне ў сіле. Але будзе больш выключэньняў:
- калі чалавек адпавядае патрабаваньням закона аб натуралізацыі і ёсьць інфармацыя, што ён не нясе пагрозы для нацыянальнай бясьпекі і грамадзкага парадку;
- калі ў чалавека ёсьць права на аднаўленьне грамадзянства ў адпаведнасьці зь дзейнымі законамі і ёсьць інфармацыя, што ён не нясе пагрозы для нацбясьпекі і грамадзкага парадку;
- калі падаецца заяўка аб адмове ад грамадзянства Літвы або рашэньне аб пазбаўленьні грамадзянства прымаецца, калі чалавек атрымаў грамадзянства іншай краіны.
Лібэралы прапаноўвалі не абмяжоўваць прыём заявак на грамадзянства ад беларусаў і расейцаў, але гэтая прапанова была адхіленая.
Намесьніца міністра замежных спраў Літвы Ёвіта Нелюпшэне дадала, што ў 2022 годзе шляхам натуралізацыі грамадзянства Літвы было прадастаўлена 16 грамадзянам Беларусі і 29 грамадзянам Расеі, а адноўлена грамадзянства па паходжаньні 6 грамадзянам Беларусі і 17 грамадзянам Расеі. Паводле яе слоў, прапанаваныя раней абмежаваньні закранаюць адзінкі людзей.
Законапраект бяз гэтых паправак павінен быў прайсьці другое, фінальнае, чытаньне ў чацьвер, 30 сакавіка, але ўчора аказаўся выкрасьлены з парадку дня. У першым чытаньні яго прынялі 21 сакавіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Партыі і арганізацыі Беларусі заклікалі Літву не прымаць абмежавальных захадаў да беларускіх грамадзян