Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская працягвае свой афіцыйны візыт у ЗША. 28 сакавіка яна выступіла ў амэрыканскім Сэнаце, дзе расказала пра сытуацыю ў Беларусі.
Перад пачаткам прамовы беларускага палітыка сэнатар Джын Шэйхін адзначыла адзначыла важнасьць падтрымкі беларускіх палітвязьняў. Асобна яна згадала рэпрэсіі супраць журналіста Ігара Лосіка, пасьля чаго вывесіла ягоны партрэт.
Сэнатар Джын Шэйхін адзначыла, што Ігар знаходзіцца за кратамі больш за 1000 дзён і спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам на мінулым тыдні.
«Калі б мы зрабілі партрэты ўсіх зьняволеных у Беларусі, для рамкі не хапіла бы гэтай залі. Я думаю, гэтак жа і ў Вэнэсуэле», — заўважыла яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ігар Лосік адседзеў 1000 дзён без малой дачкі, яго трэба неадкладна вызваліць», — прэзыдэнт RFE/RLІгару прысудзілі 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму ў «справе Ціханоўскага». Пазьней 2 гады зьняволеньня прысудзілі ягонай жонцы Дар’і Лосік. Чатырохгадовая дачка Лосікаў Паўліна цяпер знаходзіцца з бабулямі і дзядулямі.
20 сакавіка праваабаронцы «Вясны» паведамілі, што Ігар зрабіў спробу самагубства, знаходзячыся ў штрафным ізалятары, пасьля чаго яго накіравалі ў мэдсанчастку.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, інцыдэнт адбыўся 15 сакавіка ў Наваполацкай калёніі № 1 узмоцненага рэжыму, дзе Ігар Лосік адбывае пакараньне.
«Вясна» паведамляе, што Ігар пашкодзіў сябе, ужо быўшы ў ШЫЗА, дзе доўгі час трымаў галадоўку. Іншай крыніцы такой інфармацыі няма. Як вядома Свабодзе, адвакат апошні раз бачыў Ігара ў сярэдзіне лютага. Сустрэча, прызначаная на сакавік, не адбылася. Абаронцу, які прыехаў да Ігара ў калёнію, паведамілі, што той не напісаў своечасова заяву на сустрэчу са сваім адвакатам.
Паводле вэрсіі адміністрацыі калёніі, якая стала вядомая Свабодзе, на шыі Ігара Лосіка цяпер невялікая драпіна, рука таксама пашкоджана нязначна, яе перавязалі. У адміністрацыі таксама настойваюць, што «жыцьцю і здароўю зьняволенага нічога не пагражае», а Ігар Лосік цяпер знаходзіцца не ў мэдсанчастцы, а ў ШЫЗА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У калёніі, дзе сядзяць Віктар Бабарыка і Ігар Лосік, мяняюць кіраўніка