Заява дэмакратычных партый і арганізацый Беларусі прынятая і падпісаная 28 сакавіка 2023 году.
«Мы, прадстаўнікі дэмакратычных палітычных партый і арганізацый Беларусі, зьвяртаемся да лідэраў Эўрапейскага зьвязу, а таксама да ўрадаў краін – сяброў ЭЗ з заклікам не дапусьціць ізаляцыі беларускага грамадзтва ад дэмакратычнага сьвету.
Заклікаем не прымаць абмежавальных мер у дачыненьні грамадзян Беларусі разам з прыняцьцем падобных захадаў у дачыненьні грамадзян Расеі. Беларускае грамадзтва, у адрозьненьні ад расейскага, выступае супраць увядзеньня беларускіх войскаў на тэрыторыю Ўкраіны.
Беларускае грамадзтва змагаецца з рэжымам Лукашэнкі, а таксама спрабуе супрацьстаяць фактычнай акупацыі Беларусі пуцінскім рэжымам, які імкнецца атаясаміць беларусаў з расейцамі, што спрыяе ажыцьцяўленьню плянаў Пуціна па канчатковай акупацыі нашай краіны».
У сваёй заяве падпісанты акцэнтуюць увагу на тым, што закон «Аб абмежавальных мерах у дачыненьні ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне», які разглядаецца Сэймам Літвы, «абмяжоўвае беларусаў у праве на перамяшчэньне, магчымасьці атрыманьня візаў і легалізацыі ў Літве».
«Прыняцьце гэтага закону будзе яшчэ адным крокам да ўсталяваньня жалезнай заслоны паміж беларускім грамадзтвам і дэмакратычным сьветам», — адзначаюць у лісьце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці будзе Літва даваць візы і ВНЖ беларусам? Тлумачыць літоўскі палітоляг Віціс ЮрконісЯк пішуць аўтары ліста, большасьць беларусаў, якія бралі ўдзел у пратэстах 2020 году, застаецца ў Беларусі. Дзясяткі тысяч чалавек былі вымушаны пакінуць краіну і цяпер арганізуюць падтрымку дэмакратычнага руху з-за мяжы і выступаюць супраць расейскай ваеннай агрэсіі. Рэпрэсіі працягваюцца, а сем’і тысяч палітзьняволеных у Беларусі працягваюць існаваць у цяжкіх матэрыяльных умовах.
«Перакананыя, што магчымасьць свабоднага перамяшчэньня, навучаньня, працы і вядзеньня бізнэсу беларусамі ў краінах ЭЗ зьяўляецца адзіным эфэктыўным сродкам падтрымкі дэмакратычнага руху Беларусі Эўропай», — гаворыцца ў заяве.
Магчымае прыняцьце закону ў літоўскім Сэйме, а таксама абмежаваньні ў выдачы візаў з боку Чэхіі, Польшчы і іншых краін аўтары дакумэнту лічаць «трагічнай перашкодай у выратаваньні беларусаў ад рэпрэсій і будзе ўспрынята беларускім грамадзтвам як абясцэньваньне дэмакратычных памкненьняў і антываеннай пазыцыі беларусаў».
«Верым, што салідарнасьць зь беларускім народам у яго барацьбе за незалежнасьць і дэмакратыю зьяўляецца нязьменным прынцыпам эўрапейскай палітыкі. Выказваем сваю ўдзячнасьць эўрапейскім краінам і ў тым ліку Літоўскай Рэспубліцы за падтрымку беларускага дэмакратычнага руху, а таксама дапамогу беларускім палітычным эмігрантам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусам могуць забараніць выдачу візаў і дазволаў на жыхарства ў Літве. Новы законапраект у пытаньнях і адказахТаксама дэмакратычныя палітычныя партыі і арганізацыі Беларусі падзяляюць заклапочанасьць замежных калег праблемай бясьпекі і гатовыя да абмеркаваньня існуючых праблем і выпрацоўкі сумесных рашэньняў.
Заяву падпісалі:
- Віталь Рымашэўскі, Беларускія хрысьціянскія дэмакраты;
- Ігар Барысаў, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада);
- Уладзімер Шанцаў, выканаўца абавязкаў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі;
- Яўген Вiльскi, выканаўца абавязкаў старшынi партыi «Народная Грамада»;
- Юры Губарэвіч, старшыня руху «За свабоду»;
- Вадзім Саранчукоў, намесьнік старшыні Партыі БНФ;
- Алег Мяцеліца, прадстаўнік у Літве «Нашай партыі»;
- Дзьмітры Кучук, старшыня Беларускай партыі «Зялёныя».