3 сакавіка ў судзе Ленінскага раёну Менску абвясьцілі прысуд праваабаронцам «Вясны».
Судзьдзя Марына Запасьнік прысудзіла:
- Алесю Бяляцкаму, ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру і заснавальніку арганізацыі, — 10 гадоў калёніі;
- Валянціну Стэфановічу, намесьніку Бяляцкага і віцэ-прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека, — 9 гадоў зьняволеньня;
- Уладзімеру Лабковічу, каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і юрысту, — 7 гадоў зьняволеньня;
- Дзьмітрыю Салаўёву, якога судзяць завочна, — 8 гадоў зьняволеньня.
Іх прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
Пры гэтым пракурор Аляксандар Кароль запрашваў большыя на 2 гады тэрміны зьняволеньня кожнаму з палітвязьняў і больш буйныя штрафы, чым вынесла судзьдзя.
Нядаўна ў лісьце на волю Валянцін Стэфановіч паведаміў, што пракурор падаў апэляцыйны пратэст на агучаны яму і ягоным калегам прысуд.
Дата разгляду пратэсту пакуль невядомая.
«Думаю, што ім не спадабаліся нашы тэрміны, лічаць іх занадта мяккімі», — цытуе Валянціна Стэфановіча «Вясна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні прэзэнтавалі дзьве кнігі пра нобэлеўскага ляўрэата і палітвязьня Алеся Бяляцкага. ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Польшчы Дуда сустрэўся з жонкай Бяляцкага, абяцаў працягваць падтрымку беларусаў