МЗС заявіў, што зьяўленьне ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі Расеі не супярэчыць міжнародным дамовам, якія падпісала Беларусь. Там заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».
У чым прычына такой сьціплай рэакцыі на падзею, якая можа ператварыць цэлую краіну ў ядзерную мішэнь? Пра гэта ў эфіры Свабоды Premium разважае палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч.
«Лукашэнка можа, калі гэта трэба, трымаць паўзу, чакаць зручнага моманту, паглядзець рэакцыю беларусаў, замежжа, і толькі пасьля нешта камэнтаваць. Беларускае кіраўніцтва знаходзіцца ў няёмкім стане. З аднаго боку, Лукашэнка марыў аб ядзернай зброі, казаў пра яе неабходнасьць летась 8 разоў. Адна справа пужаць гэтай зброяй, каб нешта выгандляваць. Гэта стыль паводзінаў Лукашэнкі ўвесь час ягонага кіраваньня. Ён увесь час шантажуе Захад. А тое, што гэта можа рэалізавацца на практыцы, то магчыма і для самога Лукашэнкі гэта было нечакана» — лічыць Карбалевіч.
На яго думку, да вайны ва Ўкраіне заявы Лукашэнкі пра ядзерную зброю насілі характар стрымліваньня. Але вайна гэтую лёгіку зьмяніла.
«Цяпер існуе пытаньне рэальнага выкарыстаньня ядзернай зброі як інструмэнта вайны. Гэта мяняе ўсю парадыгму стаўленьня да ядзернай зброі. Магчыма Лукашэнка добра ведае пра стаўленьне беларусаў да ядзернай зброі. Нікуды ня зьнік чарнобыльскі сындром. Стаўленьне да АЭС у Беларусі таксама супярэчлівае, недзе 50/50. Гэта пераход „чырвонай рысы“». — кажа палітычны аглядальнік.
На думку Карбалевіча, Лукашэнка разумее, што калі зброя будзе расейскай, і калі Крэмль будзе прымаць рашэньне пра яе выкарыстаньне, то Беларусь аказваецца ў сытуацыі закладніка Масквы, яе авантурных плянаў. У выніку Беларусь у такім раскладзе можа стаць мішэньню для адказу іншых ядзерных краін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Малаімаверна, што расейская ядзерная зброя зьявіцца ў Беларусі. Да гэтага нічога не гатова», — міжнародны экспэрт ПодзьвігПершага ліпеня ў Беларусі мусіць закончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Пра гэта 25 сакавіка паведаміў Пуцін у эфіры тэлеканала «Россия-24».
Па словах Пуціна, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю.
Яшчэ летась Лукашэнка заяўляў, што некалькі беларускіх самалётаў пераабсталявалі і яны могуць несьці ядзерныя ракеты. Пуцін удакладніў, што такіх самалётаў дзесяць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што такое тактычная ядзерная зброя і ці могуць яе разьмясьціць у Беларусі. Пытаньні і адказы