Праваабаронцы заявілі аб недапушчальнасьці прымяненьня сьмяротнага пакараньня як інструмэнту палітычнага ціску

Роба для вязьняў, якім прысудзілі сьмяротнае пакараньне. Такія выкарыстоўваюцца ў беларускіх турмах. Ілюстрацыйнае фота

27 красавіка 2022 году ў Крымінальны кодэкс Беларусі унесьлі зьмены, якія прадугледжваюць магчымасьць прымяняць сьмяротнае пакараньне за замах на некаторыя злачынствы. Яны набылі моц 25 сакавіка.

У сувязі з гэтым беларускія праваабаронцы апублікавалі сумесную заяву.

У артыкуле 356 КК Беларусі зьявілася магчымасьць прымяненьня пакараньня сьмерцю за здраду дзяржаве, учыненую службовай асобай, якая займае адказнае становішча, службовай асобай, якая займае дзяржаўную пасаду, або асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца.

У заяве праваабаронцаў гаворыцца, што, згодна зь Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, удзельніцай якога зьяўляецца Рэспубліка Беларусь, сьмяротныя выракі могуць выносіцца толькі за самыя цяжкія злачынствы.

«Камітэт правоў чалавека ў Заўвагах агульнага парадку № 36 тлумачыў, што тэрмін „самыя цяжкія злачынствы“ павінен тлумачыцца абмежавальна і азначаць толькі злачынствы крайняй цяжкасьці, зьвязаныя з наўмысным забойствам. Таксама камітэт падкрэсьліваў, што хоць дзяржавы – удзельніцы дамовы і не абавязаныя адмяняць сьмяротнае пакараньне, тым ня менш яны абавязаныя абмяжоўваць яго прымяненьне, але ніяк не пашыраць», —гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.

Яны падкрэсьліваюць, што грамадзтву не патлумачылі дакладных абгрунтаваньняў неабходнасьці пашырэньня прымяненьня сьмяротнага пакараньня.

«Мы падкрэсьліваем недапушчальнасьць выкарыстаньня сьмяротнага пакараньня і пагрозы яго прымяненьня як інструмэнту палітычнага ціску і выказваем занепакоенасьць магчымымі злоўжываньнямі з боку беларускіх уладаў, у прыватнасьці адвольным яго прымяненьнем», — адзначаецца ў заяве.

Праваабаронцы патрабуюць адмяніць палажэньні КК, якія прадугледжваюць магчымасьць прымяненьня сьмяротнага пакараньня за негвалтоўныя злачынствы, а таксама за замах на асобныя віды злачынстваў. Яны заклікаюць строга і няўхільна забясьпечваць выкананьне сваіх міжнародных абавязаньняў у галіне правоў чалавека, гарантуючы павагу права на жыцьцё, а таксама імкнуцца да поўнага выкараненьня сьмяротнага пакараньня.

Заява прынятая сумесна праваабарончымі арганізацыямі:

  • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • Праваабарончы цэнтар «Вясна»
  • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • Lawtrend
  • Беларускі ПЭН
  • Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звоскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Amnesty International: «У Беларусі злоўжывалі судовай сыстэмай, дыскрымінавалі нацыянальныя і рэлігійныя меншасьці»