Сустрэча адбылася 27 сакавіка ў офісе Салівана ў Белым доме.
Сьвятлана Ціханоўская і Джэйк Саліван абмеркавалі заявы расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна аб разьмяшчэньні ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Ціханоўская сказала, што гэта недапушчальна, і заявіла аб неабходнасьці прыняцьця прэвэнтыўных захадаў з тым, каб гэтага не адбылося.
Па словах Ціханоўскай, разьмяшчэньне ядзернай зброі стане парушэньнем Канстытуцыі Беларусі, яе бязьядзернага статусу, а таксама стане чарговым крокам да паглынаньня краіны Масквой.
Ціханоўская таксама зьвярнула ўвагу на неабходнасьць прыцягненьня Аляксандра Лукашэнкі да адказнасьці за злачынствы супраць чалавечнасьці ў сувязі з саўдзелам у вайне, разьвязанай Крамлём супраць Украіны.
«Дарадца прэзыдэнта запэўніў мяне ў поўнай падтрымцы свабоднай Беларусі з боку ЗША. Я падзякавала яму за дапамогу і за рашэньне ЗША пачаць стратэгічны дыялёг з дэмакратычнымі сіламі [Беларусі], — заявіла Ціханоўская. — ЗША для нас — стратэгічны партнэр, і мы будзем працаваць з амэрыканскім прэзыдэнтам і ўрадам над тым, каб Беларусь стала свабоднай краінай і захавала сваю незалежнасьць».
Таксама Ціханоўская расказала пра сытуацыю з рэпрэсіямі, апошнімі масавымі арыштамі і падпольны рух супраціву, які працягваецца, нягледзячы на рэпрэсіі.
На мінулым тыдні ЗША абʼявілі аб пачатку стратэгічнага дыялёгу з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл Беларусі, увялі санкцыі супраць 12 фізычных і юрыдычных асоб, а таксама разам з іншымі краінамі 23 сакавіка абʼявілі аб запуску Маскоўскага мэханізму ў рамках АБСЭ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Радыкалізацыя» Ціханоўскай як непазьбежнасьць. Рэйтынг у сёньняшняй Беларусі ня мае значэньня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы застаемся на баку беларускага народа». Часовы павераны ў справах ЗША павіншаваў беларусаў з Днём Волі