Цяпер кошт праязнога дакумэнта складае 350 злотых (каля 75 эўра).
«Папраўка да закона аб іншаземцах набудзе моц 1 чэрвеня гэтага года і спросьціць працэдуру афармленьня польскага праязнога дакумэнта іншаземца для грамадзян Беларусі, якія маюць ДНЖ у Польшчы і праз абставіны ў сваёй краіне ня маюць дзейнага пашпарта», — зазначыў прадстаўнік МУС.
Паводле Градзецкага, кіраўнік міністэрства Марыюш Каміньскі прыняў рашэньне аб тым, што гэты дакумэнт будзе выдавацца бясплатна, пасьля абмеркаваньня пытаньня зь беларускай дыяспарай і Сьвятланай Ціханоўскай.
Новая працэдура выдачы беларусам польскага праязнога дакумэнта зьяўляецца спосабам «вырашэньня сытуацыі тых, чый пашпарт, напрыклад, пратэрмінаваны», зазначыў намесьнік дзяржсакратара МУС.
«Гэтая важная зьмена таксама тычыцца дзяцей беларусаў, якія нарадзіліся ў Польшчы і ніколі не мелі [беларускага] пашпарта», — дадаў ён.
«Праязны дакумэнт дзейны на працягу аднаго года, таму ён дазволіць рабіць часовыя паездкі — на адпачынак або прафэсійныя, — зазначыў Градзецкі. — Рашэньне, якое мы прынялі, з юрыдычнага пункту гледжаньня зьяўляецца самым хуткім з магчымых. Важна таксама, што мы пасьпелі ўкараніць яго да пачатку сэзона адпачынкаў».
Раней паведамлялася, што з 10 жніўня 2020 году да 31 сьнежня 2022-га Польшча выдала беларусам 509 701 візу. З пачатку 2022 году заявы на легалізацыю побыту ў Польшчы падалі 80 тыс. грамадзян Беларусі.
Летась у сьнежні беларускі парлямэнт прыняў законапраект, які дапускае «страту» грамадзянства (у тым ліку атрыманага па праве нараджэньня) асобай, якая пражывае за мяжой і асуджаная за «ўдзел у экстрэмісцкай арганізацыі» або нанясеньне сур’ёзнай шкоды інтарэсам дзяржавы. Аляксандар Лукашэнка падпісаў адпаведны закон сёлета 5 студзеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларусы сьвету адзначылі Дзень Волі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі памежны камітэт абвінаваціў Польшчу ў стварэньні «транспартнага каляпсу»