З пятніцы, 24 сакавіка, чарга перад адзіным даступным пунктам пропуску на беларуска-польскай мяжы Кукурыкі (Казловічы) павялічылася ў два разы і складае 1000 аўтамабіляў. Асноўная прычына — невыкананьне польскім бокам двухбаковых дамоўленасьцяў аб пропуску грузавікоў. Так, за выходныя сумежныя кантрольныя службы аформілі ўсяго 61% фур ад нормы, піша Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі.
Затрымкі ў афармленьні вялікагрузаў таксама фіксуюцца ў літоўскіх пунктах пропуску Цьверач (Відзы), Лаварышкі (Катлоўка), Меднікі (Каменны Лог), Салечнікі (Беняконі) і Райгардас (Прывалка). Зь пятніцы літоўскія кантрольныя службы прапусьцілі на сваю тэрыторыю менш за 47% фур, піша беларускае ведамства.
Чэргі легкавога транспарту фіксаваліся перад пунктамі пропуску Меднікі (Каменны Лог) і Тарэспаль (Берасьце). За два дні па дадзеных маршрутах у Эўразьвяз прайшло ўсяго 35% аўтамабіляў ад нормы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС Польшчы: «Як толькі Пачобута вызваляць, назаўтра мы адкрыем пераход „Баброўнікі“»Польская памежная варта пра чэргі нічога не паведамляе, а піша пра мігрантаў, якія нелегальна спрабавалі трапіць на тэрыторыю Польшчы зь Беларусі. За апошні дзень тут затрымалі 68 чалавек. Таксама службы затрымалі дваіх украінцаў, якія плянавалі дапамагчы мігрантам трапіць у Эўразьвяз. 24 сакавіка былі 122 спробы незаконнага перасячэньня мяжы.
Літоўская памежная служба паведамляе, што найбольшы час чаканьня фураў на афармленьне з грузам складае каля 36 гадзін у Медніках (Каменны Лог зь беларускага боку). У жывой чарзе знаходзіцца 361 фура.
Раней улады Літвы папярэджвалі, што абмяжуюць прапускную здольнасьць пункту ў Медніках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прапускную здольнасьць літоўска-беларускага пункту пропуску ў Медніках абмяжуюць на паўтара месяца ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэргі фураў на мяжы. Што гавораць дальнабойнікі. ВІДЭА