28 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёну Менска судзьдзя Вікторыя Шабуня пачне разгляд справы паводле арт. 342 КК супраць Варвары Мядзьведзевай.
Варвару Мядзьведзеву і яе мужа Паўла затрымалі ў сярэдзіне сьнежня ў Менску, калі тыя вярнуліся ў Беларусь на лячэньне.
«Вясна» з спасылкай на інфармацыю з праўладных крыніц паведамляе, што сям’я два гады жыла за мяжой. Па вяртаньні ў Беларусь сужэнцаў затрымалі за ўдзел у пратэстах 2020 году, дзейнасьць «у складзе дыяспар» і нэгатыўныя камэнтары ў інтэрнэце.
Спачатку мужа і жонку асудзілі на адміністрацыйны арышт. Але Варвара пасьля «сутак» на волю так і ня выйшла — супраць яе завялі крымінальную справу і перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура Беларусі: «У камісію па вяртаньні паступіла шмат зваротаў, але ніводзін не адпавядае патрабаваньням»- Як паведамілі раней у Дзяржаўным памежным камітэце, пры ўезьдзе ў Беларусь летась затрымалі 52 чалавекі за «экстрэмізм». Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», агулам за 2022 год і пачатак 2023 года затрымалі сама меней 58 беларусаў. Зь іх мінімум 10 чалавек ужо асудзілі на пазбаўленьне волі, 4 чалавекі — на «хатнюю хімію», а супраць яшчэ 7 завялі крымінальныя справы. Некаторых з затрыманых судзілі ў адміністрацыйных справах і зьмяшчалі ў ізалятар на «суткі».
- Таксама праваабаронцам вядомыя выпадкі, калі сілавікі пасьля затрыманьня зьнішчалі дакумэнты беларусаў для выезду за мяжу і нават пашпарт.
- Апошнім часам улады ўсё часьцей заклікаюць тых беларусаў, якія выехалі, вяртацца дадому, маўляў, пасьля афіцыйнага звароту і раскаяньня ім ня будзе пагражаць пазбаўленьне або абмежаваньне волі. Але, напрыклад, цяпер гамяльчанцы Тацяне Курылінай, адміністратарцы чатаў «97%», якая паверыла абяцаньням сілавікоў і вырашыла скарыстацца праўладнай праграмай «Дорога домой», пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.