Лукашэнка неаднаразова парушаў Канстытуцыю Беларусі і зрабіў гэта яшчэ раз, пазбавіўшы краіну нэўтральнага і бязьядзернага статусу, адзначыла беларускі дэмакратычны лідэр Сьвятлана Ціханоўская.
«І зараз мы бачым, для чаго. Каб дагадзіць Пуціну і яго плянам разьмяшчэньня ядзернай зброі», — падкрэсьліла яна ў сваім тэлеграме.
Паводле яе слоў, Лукашэнка да гэтага крок за крокам уцягваў Беларусь у вайну. Празь яго дзеяньні на беларускай тэрыторыі будзе «ня проста стратэгічны вайсковы абʼект чужой краіны», «цяпер Лукашэнка і Пуцін зрабілі зь Беларусі цэль для ўдару».
«Гэта прамая пагроза жыцьцю і бясьпецы больш за 9 мільёнаў чалавек, — упэўненая палітык. — Прыкрываючыся мірам і сяброўствам, Лукашэнка стварае небясьпеку для ўсяго народу Беларусі».
«Прапаганда можа як заўгодна тлумачыць тое, што адбываецца. Але сутнасьць простая: 27 гадоў у Беларусі не было ядзернай зброі, а зараз яна вернецца. Два дыктатары, якія загуляліся ў вайну, адкідаюць нас на тры дзесяцігодзьдзі назад. Якая яшчэ нагода патрэбная, каб будаваць новую сыстэму бясьпекі рэгіёну?» — задалася пытаньнем Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ больш канфрантацыі, яшчэ меней бясьпекі. Беларусь ператвараецца ў ядзернага закладніка ПуцінаПуцін у паказаным 25 сакавіка інтэрвію тэлеканалу «Расея 24» заявіў, што да 1 ліпеня завершыцца будаўніцтва на тэрыторыі Беларусі спэцыяльнага сховішча для тактычнай ядзернай зброі.
Міністэрства абароны ЗША адзначыла, што «працягне сачыць за сытуацыяй» і пакуль ня бачыць прычын для «карэктаваньня ўласнай стратэгічнай ядзернай пазыцыі», як і «гатоўнасьці Расеі прымяніць ядзерную зброю».
Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны ў сваёй новай справаздачы адзначыў, што Пуцін, верагодна, плянаваў разьмясьціць ядзерную зброю ў Беларусі яшчэ да ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году. Цяпер ён абвясьціў пра гэта, каб «правесьці тэрміновую інфармацыйную апэрацыю» для маніпуляваньня Захадам.
Ціханоўская заклікала міжнародную супольнасьць запатрабаваць ад Пуціна адмовіцца ад плянаў па разьмяшчэньні ядзернай зброі ў Беларусі, увесьці «адэкватныя і суровыя санкцыі ў дачыненьні рэжымаў» у Менску і Маскве «як прамых пагроз міжнароднаму міру і бясьпецы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанія за забарону ядзернай зброі пра ядзернае сховішча ў Беларусі: «Надзвычай небясьпечная эскаляцыя» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Валер Сахашчык: «Мы павінны рабіць так, каб расейскім войскам у Беларусі стала вельмі некамфортна»