Па словах Пуціна, Аляксандр Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю.
Яшчэ летась Лукашэнка заяўляў, што шэраг самалётаў беларускіх ВПС пераабсталявалі і яны могуць несьці ядзерныя ракеты. Пуцін сёньня удакладніў, што такіх самалётаў дзесяць.
Як вынікае зь ягоных слоў, рашэньне разьмясьціць ядзерную зброю ў Беларусі было канчаткова прынятае пасьля таго, як Вялікая Брытанія заявіла аб намеры прадставіць Украіне снарады з зьбедненым уранам, паколькі гэта «так ці інакш зьвязана з ядзернымі тэхналёгіямі».
Аднак такія снарады не адносяцца да ядзернай зброі, сама Расея іх такімі ня лічыць, а Пуцін казаў, што ў Расеі ёсьць «сотні тысяч такіх снарадаў».
З інтэрвію Пуціна вынікае, што ракетны комплекс «Іскандэр» быў перададзены Беларусі да брытанскай заявы, гэтаксама як і пераабсталяваныя самалёты (пра гэта раней казаў і Лукашэнка). Будаўніцтва сховішча, праўдападобна, таксама пачалося раней, чым стала вядома аб плянах пастаўкі боепрыпасаў з зьбедненым уранам Украіне.
Пуцін дадаў, што 3 красавіка Масква пачне навучаць беларускія экіпажы рабоце з пераабсталяванымі для прымяненьня тактычнай зброі самалётамі.
Прэзыдэнт Расеі адзначыў, што Масква і Менск дамовіліся, што тактычная ядзерная зброя будзе разьмешчана там, не парушаючы абавязацельстваў у рамках Дамовы аб мерах па далейшым скарачэньні і абмежаваньню стратэгічных наступальных узбраеньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта спроба запалохаць Захад». Экспэрт у бясьпецы аналізуе заяву Пуціна пра вяртаньне ядзернай зброі ў Беларусь
Што раней казаў Лукашэнка
У лютым 2022 года Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ў выпадку пагроз з боку Захаду можа быць разьмешчана ядзерная зброя. Ён таксама адзначыў, што папросіць Расею стварыць ваенны цэнтар для асваеньня «Іскандэраў», таму што Беларусь плянуе купляць гэты тып узбраеньняў.
У чэрвені 2022 года падчас сустрэчы з Пуціным Лукашэнка прапанаваў прыняць «люстраныя меры ў ваеннай сфэры на дзеяньні Захаду» і «прыстасаваць» беларускія самалёты для нясеньня ядзерных зарадаў.
У жніўні 2022 Лукашэнка заявіў пра завяршэньне пераабсталяваньня беларускіх самалётаў пад магчымасьці нясеньня ядзернай зброі.
Сёлета 22 сакавіка ў Хатыні камэнтуючы намер Вялікай Брытаніі паставіць Украіне боепрыпасы з зьбедненым уранам, Лукашэнка заявіў, што «Расея паставіць нам боепрыпасы з сапраўдным уранам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскі экспэрт: Заява Пуціна — чарговы эпізод павольнага аншлюсу БеларусіЯк Беларусь стала бязьядзернай дзяржавай
У апошнія гады існаваньня СССР на тэрыторыі тагачаснай БССР базаваліся як стратэгічныя, так і тактычныя ядзерныя ўзбраеньні.
Стратэгічныя (далёкасьць палёту ракеты — больш як 10 тысяч км) налічвалі 81 боегалоўку. Тактычная ядзерная зброя фармавалася з больш як 1200 боегаловак. Кожная танкавая дывізія мела ракетны дывізіён, які мог нанесьці тактычны ядзерны ўдар зь некалькіх (звычайна чатырох) пускавых установак, далёкасьць палёту ракеты — да 120-130 км. Таксама ядзерную зброю мелі супрацьпаветраныя часткі і авіяцыя, якія базаваліся на тэрыторыі рэспублікі.
На момант абвяшчэньня незалежнасьці ў 1991 годзе ядзерны арсэнал Беларусі займаў паводле колькасьці 8-е месца ў сьвеце.
4 лютага 1993 году Вярхоўны Савет Беларусі прыняў шэраг рашэньняў, якія юрыдычна замацавалі статус краіны як бязьядзернай дзяржавы.
Тактычныя боегалоўкі пакінулі тэрыторыю Беларусі вясной 1992-га, а стратэгічныя — праз чатыры з паловай гады, увосень 1996-га.
Лукашэнка неаднаразова называў памылкай рашэньне аб вывадзе зь Беларусі ядзернай зброі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мішэнь для ядзернага ўдару, «чырвоны тэлефон» Шушкевіча і закрытае пасяджэньне парлямэнту. 15 фактаў пра вывад ядзернай зброі зь Беларусі