Прадстаўнік Эўразьвязу ў замежнай палітыцы Жузэп Бурэль 25 сакавіка выступіў з заявай з нагоды беларускага Дня Волі, які ў Эўропе адзначаюць як Міжнародны дзень салідарнасьці зь Беларусьсю.
«Сёлета гэты дзень набывае асаблівае значэньне ў кантэксьце ўзмацненьня ўнутраных рэпрэсій нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі і дзеяньняў па падрыве незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі шляхам падпарадкаваньня яе Расеі і садзейнічаньня яе незаконнай агрэсіі супраць Украіны», — падкрэсьліў Жузэп Бурэль.
Ён адзначыў, што пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае рэзка пагаршацца. У сваёй заяве Бурэль, сярод іншага, згадаў:
- «дзясяткі тысяч беларусаў, арыштаваных за мірныя акцыі пратэсту ці проста за выказваньне свайго меркаваньня»,
- амаль 1500 афіцыйна прызнаных палітвязьняў,
- задушэньне сотняў арганізацый грамадзянскай супольнасьці,
- «звужэньне прасторы для дэмакратычнай дзейнасьці» новымі рэпрэсіўнымі беларускімі законамі,
- забарону апазыцыйных партый і палітычнай актыўнасьці,
- масавую цэнзуру і жорсткі ідэалягічны кантроль ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця,
- зафіксаваныя Вярхоўным камісарам ААН «сыстэматычныя, шырока распаўсюджаныя і грубыя» парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, «некаторыя зь якіх могуць быць таксама кваліфікаваныя як злачынствы супраць чалавечнасьці».
«Рэжым ігнаруе ня толькі пажаданьні пераважнай большасьці насельніцтва, але і ўласныя міжнародныя абавязацельствы Беларусі, і цэмэнтуе сваю міжнародную ізаляцыю», — падкрэсьліў кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі.
У той жа час ён адзначыў, што нягледзячы на гэты доўгі сьпіс жорсткіх рэпрэсій з боку рэжыму Лукашэнкі, беларускі народ «працягвае дэманстраваць выключную мужнасьць у барацьбе за свабоду і свае асноўныя правы».
«Беларускі народ — крыніца натхненьня для ўсіх нас і карыстаецца поўнай падтрымкай Эўрапейскага Зьвязу. Мы будзем і надалей салідарныя і будзем падтрымліваць беларускі народ, які імкнецца да свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі», — заявіў Жузэп Бурэль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларусы сьвету адзначылі Дзень Волі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У гонар Дня Волі і міжнароднага Дня салідарнасьці зь Беларусьсю ля будынку Сейму Літвы ўзьнялі бел-чырвона-белы сьцяг. Фота ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ад нас залежыць нашая будучыня — ад кожнага й кожнай з нас!» Старшыня Рады БНР павіншавала беларусаў з Днём Волі. ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прыйшла нашая чарга абараніць сябе». Ціханоўская падзякавала беларусам і павіншавала іх з Днём Волі