Узброеныя сілы Ўкраіны пакуль ня могуць пачаць контрнаступ на фронце, адзначыў прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрвію японскаму выданьню The Yomiuri Shimbun, і патлумачыў прычыны.
Прэзыдэнт Украіны назваў сытуацыю на ўсходзе «складанай» і яшчэ раз паўтарыў, што прычына гэтага — недахоп боепрыпасаў. Украіне патрэбныя боепрыпасы і зьнішчальнікі, падкрэсьліў Зяленскі.
«Чакаем боепрыпасаў ад нашых партнэраў», — сказаў Зяленскі, адзначыўшы, што расейскае войска штодня выкарыстоўвае ўтрая больш боепрыпасаў, чым украінскія сілы.
Ён таксама падкрэсьліў, што «Украіна ня можа адпраўляць сваіх адважных абаронцаў у контрнаступ без дастатковай колькасьці ўзбраеньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка Вялікай Брытаніі: жорсткія баі на ўсходзе Ўкраіны перамясьціліся з бахмуцкага на луганскі кірунакРаніцай 24 сакавіка Генштаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што, нягледзячы на прагнозы аналітыкаў аб верагодным паслабленьні расейскага наступу, войскі РФ не спыняюць штурм Бахмута.
Бахмут працягвае заставацца галоўнай гарачай кропкай на фронце. Спробы захапіць гэты горад расейскія войскі робяць зь ліпеня 2022 году, калі ім удалося акупаваць вялікую агламэрацыю ў суседняй Луганскай вобласьці (Северадонецк, Рубежнае, Лісічанск). Актыўны наступ з набліжаных да Бахмута пазыцый расейскія вайскоўцы пачалі ў студзені.
Паводле дадзеных выведкі NATO, Расея губляе паблізу Бахмута ў пяць разоў больш салдат, чым Украіна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі другі раз за час вайны наведаў Бахмут, дзе адбываюцца найбольш жорсткія баі