У польскім горадзе Элк, сталіцы рэгіёну Мазуры, мясцовыя ўлады з нагоды Дня Волі вывесілі беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг на знак салідарнасьці зь беларусамі, паведамляе «Белсат».
«У цяперашні час у Беларусі многія людзі зьняволеныя ў турмы з прычыны палітычных абвінавачваньняў. У выніку рэпрэсіяў грамадзянская супольнасьць руйнуецца, а беларусы вымушаныя пакідаць радзіму. У нашым горадзе таксама пражываюць беларускія сем’і, якія ў пошуках бясьпекі эмігравалі ў нашу краіну», — гаворыцца ў звароце, апублікаваным на сайце мясцовага кіраўнічага органа.
Бел-чырвона-белы сьцяг вывесілі на будынку мэрыі Элку.
Таксама на лічбавых экранах гарадзкой ратушы адлюстроўваецца графіка ў колерах гістарычнага сьцягу Беларусі і надпіс пра салідарнасьць зь беларускім народам.
«Нацыянальныя сымбалі адыгрываюць жыцьцёва важную ролю, уплываючы на пачуцьцё прыналежнасьці да нацыі, а таксама ўмацоўваючы ў барацьбе з рэпрэсіямі і імкненьні да свабоды, якая ляжыць у аснове дэмакратыі», — заявілі ў гарадзкім урадзе.
Сьцяг у Элку вывесілі на просьбу мясцовых беларусаў, якія зьвярнуліся з адпаведнай прапановай на электронны адрас прэзыдэнта гораду Томаша Андрукевіча.
Элк — павятовы цэнтар на мяжы Вармінска-Мазурскага і Падляскага ваяводзтваў Польшчы, сталіца рэгіёну Мазуры.
У Беластоку зьявіліся адразу тры бел-чырвона-белыя сьцягі
25 сакавіка, у гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці БНР у Беластоку з раніцы на гаўбцы Гасьцявога палаца на вул. Кіліньскага вывесілі тры нацыянальныя сьцягі Беларусі, паведамляе «Радыё Рацыя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо сёньня: Дзень Волі — 105-я гадавіна ўтварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі