25 сакавіка ініцыятыва Dissident.by і фонд «Краіна для жыцьця» запусьцілі інфармацыйную кампанію „Пакуль усе ня будуць вольныя“, у межах якой вядомыя беларусы будуць падтрымліваць палітычных зьняволеных ня толькі інфармацыйна, але і наўпрост.
Вядомыя беларусы і беларускі стануць апекунамі для беларускіх палітвязьняў і будуць распавядаць пра сваіх падапечных усяму сьвету на розных мэдыяпляцоўках, у СМІ, «агучваць праблемы не размытых „тысяч палітвязьняў“, але цяжар канкрэтнага чалавека і яго сям’і», адзначаюць арганізатары кампаніі і абяцаюць хутка пазнаёміць зь першай апякункай (будзе абноўлена).
«Сёньня, калі сьвет спрабуе справіцца з усьведамленьнем вайны ў Эўропе, а таксама яшчэ не ўсьвядоміў да канца трагедыю землятрусу ў Турэччыне, людзі часткова забыліся на палітвязьняў у нашай краіне. На вялікі жаль, працэс барацьбы з дыктатурай у Беларусі не атрымаўся хуткім. Замест чаканага пасьля падзей 20-га года спрынту мы атрымалі доўгі крос, зь вялікай колькасьцю перашкодаў і падводных камянёў, — гаворыцца ў прэзэнтацыі праекту. — На гэтым працяглым шляху мы, неабыякавыя і салідарныя, — адзіныя, хто можа быць голасам ізаляваных ад грамадзтва людзей».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Яну Пінчук, якую выдала Расея, пачнуць судзіць у Менску 10 красавікаЯны адзначаюць ініцыятары кампаніі, эфэктыўная падтрымка чалавека ў зьняволеньні «не можа быць разавай» і толькі рэгулярнае ўключэньне палітычных актараў, апазыцыйных лідараў, сусьветнай супольнасьці і дыяспар, а таксама простых беларусаў «можа гарантаваць захаваньне фізычнага і псыхалягічнага здароўя дысыдэнтаў і іх блізкіх».
«Акрамя таго, людзі ўнутры краіны часта запалоханыя і не гатовыя гаварыць пра сваіх блізкіх праз страху перасьледу. Тым гучней павінен быць голас тых, хто такую магчымасьць мае, знаходзячыся па-за дасяжнасьцю крывавых лап дыктатуры», — паведамляюць ініцыятары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: У актывісткі Гнаўк пагоршылася здароўе, анархіста Раманава зноў будуць судзіцьПа стане на 25 сакавіка беларускія праваабаронцы афіцыйна прызналі палітычнымі вязьнямі 1466 чалавек.