Прысуд, вынесены ў рамках так званага спэцвядзеньня (завочна) Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну, пакінулі ў сіле, паведамляе Reform.by.
Суд над Апейкіным і Герасіменяй праходзіў у канцы мінулага году ў завочнай форме, як і расьсьледаваньне справы ў дачыненьні да іх. У выніку Герасімені прысудзілі 12 гадоў калёніі агульнага рэжыму, а Апейкіну такі самы тэрмін у калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Заснавальнікаў Фонду спартовай салідарнасьці абвінавацілі ў закліках да санкцый (ч. 3 арт. 361 КК). Матэрыяльную шкоду ад іх дзеяньняў ацанілі больш як у 800 тысяч рублёў. У Герасімені ў лік аплаты грамадзянскага пазову арыштавалі рахункі (больш за 48 тысяч даляраў), кватэру, аўтамабіль, два мабільныя тэлефоны, машынамесца, халадзільнік, акустычную сыстэму і іншую маёмасьць.
Таксама бязь зьменаў пакінулі прысуды лідэрам Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, піша «Салідарнасьць».
Раней Аляксандра Ярашука асудзілі на 4 гады калёніі агульнага рэжыму, Сяргея Антусевіча — на 2 гады, а Ірыну Бут-Гусаім — на 1 год і 6 месяцаў.
Актывістаў абвінавацілі ў дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч.1 арт. 342), а Ярашука таксама ў закліках да мер абмежавальнага характару, іншых дзеяньнях, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд над дырэктарам газэты «Беларусы і рынак» Залатых зрабілі закрытым