Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных фэдэрацый забараніла ўдзельнічаць у спаборніцтвах спартоўкам, калі яны зрабілі трансгендэрны пераход пасьля палавога сасьпяваньня.
Забарона набудзе моц 31 сакавіка 2023 году. Цяпер да міжнародных спаборніцтваў дапускаюць трансжанчын, калі яны на працягу двух гадоў падтрымлівалі ўзровень тэстастэрону ў крыві, ніжэйшы за 2,5 нанамоле на літар. Аднак на міжнародны ўзровень у лёгкай атлетыцы трансфэмінныя спартоўкі так і ня выйшлі.
Асацыяцыя адзначае, што, перш чым забараніць трансгендэрным спартоўкам спаборнічаць, яна пракансультавалася з фэдэрацыямі краін, Міжнародным алімпійскім камітэтам, трэнэрамі і спартоўцамі, а таксама з трансжанчынамі і праваабаронцамі. Зь іх «мала хто» падтрымаў варыянт з падтрыманьнем нізкага ўзроўню тэстастэрону.
Асацыяцыя створыць рабочую групу для далейшых кансультацый што да допуску трансфэмінных спартовак да спаборніцтваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне за год вайны зафіксавалі сотні выпадкаў сэксуальнага гвалту расейцаў над жанчынамі, мужчынамі, дзецьмі і прадстаўнікамі ЛГБТ- У чэрвені 2022 году аналягічныя правілы ўвяла Міжнародная фэдэрацыя плаваньня.
- Першай вядомай трансфэміннай спартоўкай лічыцца амэрыканская тэнісістка Рэнэ Рычардс. У 1976 годзе яе не дапусьцілі да жаночага турніру чэмпіянату ЗША, але ўжо налета суд афіцыйна прызнаў Рычардс жанчынай і пастанавіў дапускаць яе да жаночых спаборніцтваў. Па выніках 1977 года яна стала 22-й ракеткай свету. У 1981 годзе Рычардс спыніла спаборнічаць, стала трэнэрам, а пазьней вярнулася да кар’еры лекара-афтальмоляга.
- У 2021 годзе новазэляндзкая цяжкаатлетка Лорэл Габард стала першай адкрытай трансжанчынай, якая ўдзельнічала ў Алімпійскіх гульнях. На Алімпіядзе ёй не ўдалося зрабіць ніводнай удалай спробы. Пасьля гульняў яна завяршыла спартовую карʼеру.