Зьняволеныя даўно не атрымліваюць карэспандэнцыі, аднак праваабаронцы «Вясны» паведамляюць, што жанчын у гэтай калёніі выклікаюць на допыты менавіта за лісты, у тым ліку і старыя, дзе асобы, якія вядуць допыт, спрабуюць даведацца, кім зьняволеным зьяўляцца людзі, што дасылаюць ім лісты.
Праваабаронцы пішуць, што зьняволеныя ўвесь час сутыкаюцца з псыхалягічным ціскам з боку супрацоўнікаў калёніі.
Праваабаронцам вядома мінімум пра двух супрацоўнікаў, якія ўвесь час ціснуць на зьняволеных: Аляксей З. і Яраслаў Г. Яны патрабуюць, каб зьняволеныя падпісалі дакумэнты аб супрацоўніцтве з адміністрацыяй калёніі. Як кажа адна са зьняволеных, «калі такі прэсінг будзе працягвацца, мы так доўга ня вытрымаем».
Узмацненьне ціску адбылося пасьля вызваленьня маладых жанчын, якія былі паркараныя ў «справе студэнтаў».
«Ламаюць вельмі моцна. Б’юць па самым балючым — па родных, блізкіх, сяброўках у ПК»
Адна са зьняволеных расказала праваабаронцам пра палітзьняволеную Марыю Калесьнікаву:
«Машу нават у туалет на працы водзяць з суправаджэньнем. Яна вельмі худая, гэта відаць нават у фуфайцы, але ўсьміхаецца і ня страчвае пазытыўнага настрою».
«Калі такі прэсінг будзе працягвацца, мы так доўга ня вытрымаем», — кажа адна са зьняволеных.
Таксама стала вядома пра цяжкі стан Алены Яфрэменкі. У лістападзе 2022 года яе судзілі паводле чатырох крымінальных «палітычных» артыкулаў: за абразу Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады, актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і гвалце ў дачыненьні да службовай асобы.
«Алена Яфрэменка ў вельмі цяжкім стане, ёй не аказваецца мэддапамога, усё надзвычай дрэнна. Тэмпэратура пад 40, трызьніць, праблемы з суставамі, пачаўся абсцэс, а яе нават у санчастку не прызначылі, зьняволеныя самі яе туды аднесьлі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паліну ня выпусьцяць». Вялікая размова з Андрэем Шарэндам