Прэзыдэнт Фінляндыі Саўлі Нііністэ 23 сакавіка падпісаў законы аб уступленьні гэтай краіны ў NATO. Кіраўнік дзяржавы ляканічна пракамэнтаваў акт падпісаньня фразай: «Вось яны», пасьля чаго пакінуў залю прэзыдэнцкага палаца, дзе сабраліся журналісты, піша DW.
Парлямэнт Фінляндыі 1 сакавіка большасьцю галасоў падтрымаў прапанову ўраду аб уступленьні рэспублікі ў Паўночнаатлянтычны альянс. Дэпутаты адобрылі Паўночнаатлянтычную дамову, а таксама пагадненьні аб статусе Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы, статусе нацыянальных прадстаўнікоў і міжнароднага пэрсаналу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Швэцыі афіцыйна ўхваліў уступленьне краіны ў NATOТурэччына і Вугоршчына пакуль не ўхвалілі заявак Хэльсынкі і Стакгольму
Цяпер заяўкі Швэцыі і Фінляндыі ўхвалілі 28 з 30 краін блёку, за выключэньнем Турэччыны і Вугоршчыны. Пазыцыя Анкары ў адносінах да ўступленьня ў альянс Швэцыі стала нашмат больш жорсткаю пасьля студзеньскай праваэкстрэмісцкай акцыі са спальваньнем Карана ля пасольства Турэччыны ў Стакгольме.
Вугорскі парлямэнт, як чакаецца, прагаласуе наконт фінскай заяўкі 27 сакавіка. Рашэньне аб Швэцыі Будапэшт прыме пазьней. Парлямэнт Швэцыі ўжо прагаласаваў за сяброўства Швэцыі ў NATO.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Фінляндыі ўхваліў уступленьне краіны ў NATO