Яна прывітала ўсіх беларусаў ад Рады БНР і ад сябе асабіста зь вялікім нацыянальным сьвятам, якім беларусы штогод адзначаюць абвяшчэньне незалежнасьці сваёй Бацькаўшчыны.
Як адзначыла Івонка Сурвіла ў сваім звароце, ужо шмат часу прайшло шмат падзеяў перажыта з таго часу, калі Рада Першага ўсебеларускага кангрэсу, абраная амаль дзьвюма тысячамі дэлегатаў з усяе Беларусі, абвясьціла на сваім сходзе наступнае:
«Год таму народы Беларусі разам з народамі Расеі скінулі ярмо расейскага царызму‚ які найцяжэй прыціснуў быў Беларусь; не пытаючыся народу‚ ён кінуў наш край у пажар вайны‚ якая чыста зруйнавала гарады і вёскі беларускія.
Цяпер мы‚ Рада БНР скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці‚ якое гвалтам накінулі расейскія цары на наш вольны і незалежны край. Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнаю вольнаю дзяржавай. Самі народы Беларусі ў асобе Ўстаноўчага Сойму пастановяць аб будучых дзяржаўных сувязях Беларусі
Абвяшчаючы аб незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі‚ Рада яе пакладае свае надзеі на тое‚ што ўсе любячыя волю народы дапамогуць беларускаму народу ў поўнай меры зьдзейсьніць яго палітычна-дзяржаўны ідэал».
Прыгадаўшы гісторыю абвяшчэньня незалежнасьці БНР, Івонка Сурвіла зьвярнулася да беларусаў з нагоды 105-гадавіны гэтай падзеі:
«Дарагія суродзічы, дзеля прысутнасьці 105 год таму пазьней на нашай усходняй мяжы таго самага крывавага ворага, які дасюль не пазбыўся сваіх імпэрскіх намераў, мы сёньня яшчэ раз абвяшчаем сьвету, што мэтай нашага народу дасюль ёсьць змагацца ўсімі даступнымі нам сіламі, каб абараніць наш вольны і незалежны край ад цяперашняга самазванца і ад ягоных расейскіх патронаў, якія яшчэ ўсё пагражаюць зноў паняволіць наш народ», — сказала Івонка Сурвіла.
Яна падкрэсьліла, што беларусы маюць «ледзь не стагодзьдзе дасьведчаньня ўжо не як „тутэйшыя“ рабы імпэрыі зла, а як адукаваны, разумны, разьвіты народ, які здольны даць сабе рады ў вольным сьвеце».
«Ад нас залежыць нашая будучыня — ад кожнага й кожнай з нас!
Хацела б, каб кожны з нас задумаўся, што асабіста ён ці яна можа зрабіць, каб прыцягнуць увагу вольнага сьвету на Беларусь. У цяперашні час гэта надзвычай важна, з улікам таго, якую ганьбу наклікаў на Беларусь дыктатар Лукашэнка сваім саўдзелам у расейскай агрэсіі супраць Украіны. Пакуль сьвет захапляецца адвагай украінцаў і абураецца злачынствамі Пуціна і расейскай арміі, беларусы павінны як наймацней словам і справай дэманстраваць сьвету, што яны на баку сілаў дабра і што Лукашэнка не прадстаўляе наш народ. Ня дай Бог, каб нехта прыдумаў аддаць Беларусь крываваму тырану ўзамен за мір ва Ўкраіне», — сказала Івонка Сурвіла.
На думку Рады БНР, цяперашні час — шмат у чым лёсавызначальны як для Ўкраіны, так і для ўсяго сьвету і для Беларусі.
«Але разам мы не дамо ворагу разьбіць нашую еднасьць. Разам мы перанясём усе выпрабаваньні і дасягнем нашую мэту: жыць на сваёй роднай зямлі, у сваёй і незалежнай дзяржаве, дзе мы самі будзем вырашаць «аб будучых дзяржаўных сувязях Беларусі», — падкрэсьліла яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кацярына Андрэева, Ігар і Дар’я Лосікі, Андрэй Зельцар, Эдуард Лобаў. Каго яшчэ Рада БНР узнагародзіла мэдалём ордэну «Пагоні»