Мэдыямэнэджара Канстанціна Залатых будуць судзіць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
Справу разглядае Менскі гарадзкі суд. Дырэктара газэты «Беларусы і рынак» судзяць па артыкулах:
- распальваньне варожасьці (ч. 2 арт. 130 КК);
- абраза прэзыдэнта (ч. 1 арт. 368 КК);
- абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК);
- перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў (ч. 2 арт. 426 КК).
Працэс вядзе судзьдзя Алена Шылько. Канстанціну Залатых пагражае да 10 гадоў зьняволеньня.
Па абедзе судовы працэс у справе дырэктара газэты «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых зрабілі закрытым. Пра гэта паведаміла @euroradio.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналістыПерасьлед Канстанціна Залатых і газэты «Белорусы и рынок»
Залатых абвінавачваюць у «распальваньні сацыяльнай варожасьці» (ч. 2 арт. 130 Крымінальнага кодэкса), абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368), абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369), «перавышэньні службовых паўнамоцтваў» (ч. 2 арт. 426).
Генэральная пракуратура перадала справу ў суд 21 лютага. Тады ж наглядны орган заявіў, што ў 2020 годзе Залатых апублікаваў у інтэрнэце паведамленьні з «абразамі і заклікамі да расправы над супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, абразай кіраўніка дзяржавы».
«Больш за тое, Залатых, будучы дырэктарам ЗАТ „Медыярынак“, дакладна ведаў пра ўнесеныя ў Закон Рэспублікі Беларусь „“Аб сродках масавай інфармацыі“ зьмены, якія перашкаджалі двум грамадзянам Рэспублікі Польшча валодаць сумарна 28% акцый таварыства», — гаварылася ў паведамленьні.
Генпракуратура заяўляла, што ў траўні 2021-га – студзені 2022 года ён нібыта «ў парушэньне заканадаўства, без правядзеньня агульнага сходу акцыянэраў, аднаасобна ўнёс зьмяненьні ў статут ЗАТ аб выключэньні са складу заснавальнікаў вышэйназваных замежных грамадзян і зарэгістраваў яго ў галоўным упраўленьні юстыцыі Менскага гарвыканкаму».
18 траўня 2022 года КДБ затрымаў Залатых, галоўнага рэдактара Андрэя Аляксандравіча і бухгалтара Юлію Кахно. Аляксандравіча і Кахно ў той жа дзень адпусьцілі, Залатых зьмясьцілі ў СІЗА.
Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
23 ліпеня Міністэрства інфармацыі заблякавала доступ да сайта выданьня «Беларусы і рынак» (belmarket.by) «з прычыны распаўсюджваньня на сайце выданьня гіпэрспасылак на матэрыялы, якія былі прызнаныя судом экстрэмісцкімі». Сайт быў даступны за межамі краіны, аднак на ім абнаўляўся толькі разьдзел навін.
1 сьнежня Мінінфарм ануляваў рэгістрацыю друкаванага выданьня, якое выходзіла 32 гады.
Газэта «Белорусы и рынок» была заснаваная ў сьнежні 1990 году як штотыднёвік «Белорусский рынок».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр пісьменьнік і журналіст Канстанцін Скуратовіч, адзін з піянэраў незалежнай журналістыкі Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісту Генадзю Мажэйку прысудзілі 3 гады калёніі агульнага рэжыму. За кратамі ён прабудзе яшчэ 9 месяцаў