Урад Літвы прапанаваў павялічыць штрафы за незаконны ўвоз наяўных грошай зь Беларусі і Расеі

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. На літоўска-беларускай мяжы, памежны пункт Лаварышкес. 19 верасьня 2022

У сувязі з больш частымі спробамі ўвозу наяўных грошай з Расеі і Беларусі, «зьвязаных са злачыннай дзейнасьцю і вайной ва Ўкраіне»​, урад Літвы прапанаваў павялічыць штрафы для тых, хто дапамагае перавозіць гэтыя грошы, і прадугледзець магчымасьць іх канфіскацыі, паведамляе BNS.

23 сакавіка ўрад Літвы ўхваліў і прапанаваў літоўскаму Сэйму тэрмінова прыняць папраўкі ў заканадаўчыя акты, закліканыя ўзмацніць жорсткасьць штрафаў за недакладную інфармацыю аб паходжаньні грошай, іх уладальніках і мэтах іх выкарыстаньня.

«Часта, каб пазьбегнуць абавязку дэкляраваць наяўныя грошы, фізычныя асобы перасякаюць мяжу групамі. Перавезеныя грашовыя сумы дзеляць на больш дробныя сумы, меншыя за 10 тысяч эўра», — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы Міністэрства фінансаў Літвы.

Папраўкі ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях і Закон аб падатковым адміністраваньні, якія прапануе літоўскі ўрад, прадугледжваюць штраф у памеры 390–1200 эўра за недакладную інфармацыю пра грошы, і 1040–3900 эўра — за паўторнае парушэньне. Цяпер сума штрафу складае ад 200 да 1 200 эўра, што, на думку складальнікаў паправак, не зьяўляецца «дастаткова эфэктыўнай і стрымальнай» санкцыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусам могуць забараніць выдачу візаў і дазволаў на жыхарства ў Літве. Новы законапраект у пытаньнях і адказах

Акрамя таго, прапануецца канфіскоўваць грошы, калі той, хто іх перавозіць, падаў недакладныя або няпоўныя зьвесткі ў касавай дэклярацыі — незалежна ад таго, учынена парушэньне ўпершыню або паўторна. Гэту меру будуць прымяняць і ў выпадках, калі грошы не належаць асобе, якая перавозіць іх праз мяжу.

Паводле зьвестак Міністэрства фінансаў Літвы, са сьнежня 2022 году па студзень 2023 году літоўскія мытнікі зафіксавалі 84 выпадкі, калі грамадзяне Расеі, Беларусі, Польшчы і Літвы спрабавалі завезьці больш за 41 млн украінскіх грыўняў (каля 1,05 млн эўра).

«Паводле зьвестак літоўскай мытні, атрыманых у супрацоўніцтве з эўрапейскімі праваахоўнымі органамі, гэтыя грошы могуць быць зьвязаныя са злачыннымі дзеяньнямі і ваеннымі дзеяньнямі ва Ўкраіне», — кажуць распрацоўшчыкі паправак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прапускную здольнасьць літоўска-беларускага пункту пропуску ў Медніках абмяжуюць на паўтара месяца
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: LTG Cargo прыпыняе кантракты з тэрміналам у порце Клайпеды за пастаўкі санкцыйнага карбаміду зь Беларусі