Гэта ацэнка заснаваная на шкодзе, нанесенай Украіне ў першы год поўнамаштабнага ўварваньня Расеі. Яе правялі сумесна ўрад Украіны, Сусьветны банк, Эўрапейская камісія і ААН. У параўнаньні зь верасьнем 2022 году сума вырасла на 62 мільярды даляраў — у папярэдняй справаздачы гаворка ішла пра 349 мільярдаў даляраў, піша ўкраінская служба Радыё Свабода.
Неабходныя 411 мільярдаў даляраў у 2,6 раза перавышаюць разьліковы валавы ўнутраны прадукт краіны за 2022 год.
У справаздачы гаворыцца, што ацэнкі «варта разглядаць як мінімум, паколькі патрэбы будуць расьці, пакуль ідзе вайна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МВФ ухваліў найбуйнейшы пакет фінансаваньня Ўкраіны з пачатку расейскага ўварваньняАднаўленьне Ўкраіны «патрабуе некалькіх гадоў», заявіла віцэ-прэзыдэнт Сусьветнага банка з Эўропы і Цэнтральнай Азіі Ганна Бʼердэ. Яна дадала, што падтрымка дзяржаўных інвэстыцый таксама павінна быць дапоўнена значнымі прыватнымі інвэстыцыямі для павелічэньня даступнага фінансаваньня для рэканструкцыі Ўкраіны.
Уварваньне Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году прывяло да перамяшчэньня мільёнаў людзей, а глябальныя цэны на прадукты харчаваньня і энэрганосьбіты падскочылі з прычыны наступстваў вайны.
Як адзначыў прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль, частка работ па рэканструкцыі ўжо выкананая. Таксама ён дадаў, што «сума ўрону і патрэбы ў аднаўленьні пакуль не ўключаюць дадзеныя аб страце інфраструктуры, жыльля і бізнэсу на акупаваных тэрыторыях».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве падлічылі пацярпелыя ад расейскіх абстрэлаў аб’екты энэргетыкі. Дэфіцыту электраэнэргіі больш няма