У межах справаздачы апублікаваныя вынікі чарговага апытаньня грамадзкай думкі, праведзенага ў Беларусі сацыёлягам Філіпам Біканавым.
Асноўныя тэндэнцыі ў беларускай грамадзкай думцы, якія выявіла апытаньне:
- Працягваецца пэўны рост даверу да інстытутаў рэжыму;
- Парадак дня дэмакратычных сілаў знаходзіцца на пэрыфэрыі інфармацыйнага поля;
- Захоўваецца высокая палярызацыя грамадзтва, узаемнае адмоўнае стаўленьне «зацятых прыхільнікаў» і «зацятых праціўнікаў» улады;
- Значныя часткі грамадзтва займаюць бакі Ўкраіны і Расеі ў вайне, прыхільнікі ўлады больш схільныя падтрымліваць Расею, праціўнікі — Украіну;
- Відавочны кансэнсус адносна пажаданасьці няўдзелу беларускага войска ў вайне, гэты кансэнсус аб’ядноўвае беларусаў незалежна ад іх палітычных поглядаў.
У апошнім дасьледаваньні Філіпа Біканава, як і ў папярэдніх, выдзяляюцца чатыры сэгмэнты, групы рэспандэнтаў, якія адрозьніваюцца ступеньню даверу ці недаверу да дзяржаўных і недзяржаўных інстытутаў: «зацятыя прыхільнікі» ўлады, «схільныя давяраць» уладзе, «схільныя не давяраць» уладзе і «зацятыя праціўнікі» ўлады.
Дынаміка колькасьці гэтых сэгмэнтаў адлюстраваная на наступным графіку.
Паводле дасьледчыкаў, прычыны гэтага — некаторае паляпшэньне эканамічнага становішча Беларусі (што зафіксавана ў справаздачах іншых удзельнікаў праекту «Беларускі трэкер пераменаў»), а таксама ў тым, што беларускае войска ўсё ж ня ўдзельнічае ў вайне. І гэтыя фактары пераважаюць над пагаршэньнем палітычнага становішча краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аб’яднаны пераходны кабінэт назваў 39 дасягненьняў за паўгода сваёй працыЯшчэ адна асаблівасьць грамадзкай думкі, зафіксаваная ў апытаньні, — тое, што для значнай часткі грамадзтва парадак дня дэмакратычных сілаў знаходзіцца на пэрыфэрыі інфармацыйнага поля. У прыватнасьці, пра такую важную для дэмакратычных сілаў падзею, як стварэньне Абʼяднанага пераходнага кабінэта Сьвятланы Ціханоўскай, чулі каля 7% рэспандэнтаў. Нават сярод самага дасьведчанага сэгмэнта «зацятых праціўнікаў» улады — каля траціны не маглі адказаць на пытаньне пра вынікі працы Кабінэту.
Паводле вынікаў апытаньня, прыхільнікі ўзмацненьня санкцыйнага ціску на Беларусь пераважаюць толькі ў сэгмэнце «зацятых праціўнікаў» улады. Як адзначаюць аўтары дасьледаваньня, ва ўмовах узмацненьня рэпрэсіяў менавіта гэты сэгмэнт грамадзтва цярпіць ад такога ўзмацненьня ў найбольшай ступені.
Як і ў папярэдніх дасьледаваньнях пад кіраўніцтвам Філіпа Біканава, у апошнім паказана, што полюсы беларускага палітычнага супрацьстаяньня — «зацятыя прыхільнікі» і «зацятыя праціўнікі» ўлады — найгорш ставяцца адны да адных. Для рэспандэнтаў у сярэднім групай, якая выклікае найбольшую няпрыязь, зьяўляюцца цыганы (ромы). Але для полюсаў — яны самі адзін для аднаго.
Наступны графік паказвае шчыльную сувязь паміж палітычнымі пазыцыямі рэспандэнтаў — іх даверам і недаверам да дзяржаўных і недзяржаўных інстытутаў Беларусі — і падтрымкай бакоў у вайне ва Ўкраіне. У групе «зацятых праціўнікаў» улады — амаль пагалоўная падтрымка Ўкраіны, сярод «зацятых прыхільнікаў» улады дзьве траціны на баку Расеі.
Але вось у пытаньні ўдзелу беларускага войска ў вайне ва Ўкраіне на тым ці іншым баку беларускае грамадзтва салідарнае ў сваім адмоўным адказе. «Упэўненасьць у тым, што беларускаму войску ня трэба ўдзельнічаць у вайне, — тая нітка, якая прашывае ўсё беларускае грамадзтва, незалежна ад палітычных пераваг», — пішуць аўтары дакладу.