«Учора нам патэлефанавалі зь Міністэрства культуры і паведамілі, што фэстывалю ня будзе. Хто і чаму прыняў такое рашэньне, адказаць адмовіліся. Пасьля гэтага быў абноўлены дзяржаўны рэгістар фільмаў Рэспублікі Беларусь, і зь яго зьніклі фільмы фэстывалю, якія былі ўнесеныя туды 17 сакавіка», — паведамілі арганізатары.
Фэстываль пакуль пераносіцца на нявызначаны тэрмін.
Як адзначаюць арганізатары, кінатэатар Mooon у гандлёва-забаўляльным цэнтры Dana Mall, дзе павінны былі прайсьці паказы, аўтаматычна верне грошы за квіткі, набытыя на сайце. «Калі ў вас застануцца пытаньні — можна зьвярнуцца ў касу кінапрасторы», — дадаюць арганізатары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі ПЭН: У няволі 135 дзеячоў культуры, у тым ліку 28 літаратараўФэстываль «Нефільтраванае кіно» зьявіўся як адгалінаваньне міжнароднага кінафэстывалю кароткамэтражнага кіно Сinema Perpetuum Mobile. Гэта «экспэрымэнт зь нефарматам паміж мастацтвам і кінааматарствам».
Да сёньняшняга дня кінафэстываль быў адзіным незалежным офлайн-фэстывалем у Беларусі.
Сёлета на фэстываль было заяўлена больш за 60 работ зь Вялікай Брытаніі, Італіі, Францыі, ЗША, Кітаю, Казахстану, Ірану, Беларусі, Ізраілю, Нямеччыны, Польшчы, Славеніі, Філіпінаў, Руанды, Марока, Чылі, Гішпаніі, Аўстрыі, Канады, Бэльгіі, Нідэрляндаў, Фінляндыі, Іраку, Вугоршчыны, Эстоніі і Індыі ў наступных намінацыях: анімацыя; відэаарт; дакумэнталістыка; гульнявое кіно; тэматычныя праграмы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фільм, які забаранілі ў Беларусі, зацікавіў эўрапейскія фэстывалі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ляўрэатка «Лістападу» Мара Тамковіч: «Беларускія чыноўнікі шукаюць крамолу там, дзе яе не існуе»