Амаль паўсотні прадстаўнікоў гэтай палітычнай сілы зьвярнуліся ў Саюз эўрапейскіх футбольных асацыяцый (UEFA) з заклікам выключыць са спаборніцтва краіну, якая «падтрымлівае агрэсіўную вайну Расеі ва Ўкраіне».
Дэпутат Філіп Крэмэр заявіў, што футбольны саюз мусіць «заняць яскравую пазыцыю і паказаць дакладную лінію адносна таго, каму дазволена ўдзельнічаць, а каму не». Пры гэтым ён адзначыў, што прыезд гульцоў зь Беларусі ў Нямеччыну «малаімаверны з спартыўнага пункту гледжаньня».
На Эўра-2024 Беларусь знаходзіцца ў адборачнай групе I (разам з Андорай, Ізраілем, Косава, Румыніяй і Швайцарыяй). Першы матч у барацьбе за пуцёўку на чэмпіянат Эўропы з камандай Швайцарыі беларусы правядуць ужо 25 сакавіка ў Сэрбіі.
Адхіліць беларускую зборную ад адборачных матчаў гэтага чэмпіянату летась у верасьні запатрабавала ад УЭФА міністарка ўнутраных спраў Нямеччыны Нэнсі Фрэзэр.
Сёлета 15 сакавіка дэпутаты Эўрапарлямэнту накіравалі кіраўніку футбольнага саюзу Аляксандру Чаферыну ліст з патрабаваньнем нядопуску беларускай каманды да адборачных матчаў Эўра-2024. Яго падпісалі больш за 100 чалавек. Гэтае рашэньне, на іх думку, мусіць быць прынятае ў сувязі з парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі.
Аналягічныя заклікі УЭФА накіравалі дэпутаты парлямэнту Швайцарыі, а таксама швайцарска-нямецкая праваабарончая арганізацыя Libereco.
Раней UEFA адхіліла Расею ад удзелу ва ўсіх сваіх спаборніцтвах праз вайну ва Ўкраіне.