У зьнешнепалітычным ведамстве Літвы «спустошаныя жахлівымі навінамі зь беларускай турмы» — паведамленьнем праваабаронцаў пра спробу суіцыду, якую зьдзейсьніў Лосік у наваполацкай калёніі. «Мы молімся за акрыяньне Ігара Лосіка і заклікаем рэжым Лукашэнкі неадкладна вызваліць яго», — гаворыцца ў заяве.
На інфармацыю пра спробу суіцыду Лосіка, які працаваў фрылансэрам на Радыё Свабода, адрэагавала пасольства ЗША ў Менску. Дыппрадстаўніцтва нагадала, што «палітычныя зьняволеныя — гэта не абстрактная праблема». «Жорсткасьць менскага рэжыму мае страшную індывідуальную чалавечую цану. Жадаем здароўя і сіл Ігару Лосіку і ўсім 1400 зь лішнім палітвязьням у Беларусі. Ніхто не заслугоўвае такога жорсткага абыходжаньня. Усе заслугоўваюць свабоды», — падкрэсьліваецца ў заяве пасольства.
Дэпутат нямецкага Бундэстагу Робін Вагнэр, камэнтуючы тое, што адбылося, заявіў, што «жорсткасьць Лукашэнкі бясконцая і бесчалавечная». «Сумна і балюча: Ігар Лосік — палітвязень у Беларусі — другі раз спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам. Жонка Ігара Дар’я таксама трапіла ў турму. Абое павінны быць неадкладна вызваленыя. Іх маленькая дачка мае патрэбу ў іх», — напісаў парлямэнтар.
«Глыбока сумныя навіны зь Беларусі. Бесчалавечнае абыходжаньне ў турме рэжыму прывяло Ігара Лосіка да спробы самагубства. Рэжым разбурае будучыню Беларусі. Палітычныя зьняволеныя павінны быць неадкладна вызваленыя», — заклікаў Марка Каплімаа, спэцпрадстаўнік МЗС Эстоніі пры дэмакратычных сілах Беларусі.
«Жахлівыя навіны. Палітвязень Ігар Лосік зьдзейсьніў спробу самагубства, парэзаўшы сабе рукі і шыю. На працягу доўгага часу ён трымаў галадоўку. Цяпер ён у лязарэце. Ігара асудзілі на 15 гадоў, яго жонку Дарʼю таксама пасадзілі. Бесчалавечнасьць беларускага рэжыму ня ведае межаў», — заявіла беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская.
Яна нагадала, што 21 сакавіка будзе 1000 дзён з моманту затрыманьня Лосіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ігар Лосік, магчыма, учыніў спробу суіцыду. Адвакат і бацька палітвязьня зьбіраюцца тэрмінова ехаць у калёнію20 сакавіка праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў, што Лосік у калёніі распачаў спробу суіцыду, перад гэтым, знаходзячыся ў ШЫЗА, доўгі час трымаў галадоўку.
Крымінальны перасьлед Ігара і Дар'і Лосікаў
На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.
11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
- 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
- Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.