Два наступныя нумары слуцкай газэты «Інфа-Кур’ер» ня выйдуць. Такая інфармацыя зьявілася 20 сакавіка на афіцыйнам сайце газэты.
Рэдакцыя паведаміла, што з тэхнічных прычынаў нумары за 23 і 30 сакавіка ня выйдуць.
15 сакавіка сілавікі правялі ператрус у рэдакцыі «Інфа-Кур’ера», забралі ўсю асноўную тэхніку, а з прысутных узялі падпіску аб невыдаваньні.
На наступны дзень наклад газэты адмаўляліся прымаць крамы «Белсаюздруку». Галоўны рэдактар і ўладальнік газэты Сяргей Станкевіч, а таксама ягоны намесьнік Алег Рубчэня пасьля ператрусу былі зьмешчаныя ў мясцовы ІЧУ.
Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, 17 сакавіка завяршыўся суд над Сяргеем Станкевічам і яго намесьнікам Алегам Рубчэнем. Ім прызначылі па 15 дзён арышту кожнаму за нібыта непадпарадканьне пры затрыманьні. Віны затрыманыя не прызналі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трое затрыманых супрацоўнікаў газэты «Інфа-Кур’ер» ня выйшлі на волю, сувязь з рэдактарам «Рэгіянальнай газэты» страчаная ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы: палітзьняволены журналіст Свабоды Ігар Лосік зрабіў спробу суіцыду ў калёніі