Да службовага дома кіраўніка Горадзенскай вобласьці Ўладзімера Караніка ў Горадні на вуліцы Сьвярдлова прыехала міліцыя і службы разьмінаваньня з сабакамі, паведамляе «Наша ніва». З гэтага можна зрабіць выснову пра «мінаваньне» дома чыноўніка. Гэта раён Горадні, дзе месьціцца жытло для высокапастаўленых чыноўнікаў.
Раней дзяржаўнае агенцтва БелТА паведаміла, што ў Горадні спэцпадразьдзяленьне КДБ забіла замежнага грамадзяніна, які нібыта аказваў узброены супраціў.
«Падчас правядзеньня спэцыяльных мерапрыемстваў для спыненьня дзейнасьці асоб, якія праніклі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь з мэтай учыненьня тэрарыстычнай акцыі, 19 сакавіка 2023 году ў Горадні на вул. Курчатава зьліквідаваны замежны грамадзянін Л. Указаная асоба з выкарыстаньнем аўтаматычнай зброі і шляхам падрыву баявых гранат аказала ўзброены супраціў байцам спэцпадразьдзяленьня КДБ, група "А"», — пішуць на сайце КДБ.
Паведамляецца, што КДБ распачаў крымінальную справу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні КДБ забіў замежніка, які нібыта страляў і кідаў гранаты, — БелТА19 сакавіка тэлеграм-канал @mkbelarus са спасылкай на падпісанта паведаміў, што ў Горадні на вул. Курчатава і Ўрублеўскага былі чуваць выбухі ці стрэлы. Потым каля пад'езда дому міліцыянты загрузілі ў машыну чалавека — так апісаў каналу сытуацыю чытач.
Канал @Grodno_grab са спасылкай на відавочцаў пісаў, што па адрасе Курчатава 5 адбываліся затрыманьні, якім папярэднічалі «выбухі ці стрэлы». Там заўважылі каля 10 супрацоўнікаў міліцыі і бусік, сьцьвярджалі відавочцы.