«Злачынцу заўсёды цягне на месца злачынства». Гэтак дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк пракамэнтаваў візыт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ў акупаваны Марыюпаль.
«Пакуль краіны цывілізаванага сьвету заяўляюць пра арышт „рэжысэра вайны“ (Пуціна В. В.) у выпадку перасячэньня мяжы, арганізатар забойстваў тысяч марыюпальскіх сем’яў прыехаў любавацца развалінамі гораду і брацкімі магіламі. Цынізм і адсутнасць раскаяньня», — напісаў Падаляк у Твітэры.
Пра першую паездку Пуціна на акупаваныя тэрыторыі сёньня паведамілі расейскія дзяржаўныя СМІ. Журналісты з крамлёўскага пула распавялі выданьню «Вёрстка», што візыт у Марыюпаль, як і суботняе наведваньне анэксаванага Крыму, ня быў заплянаваны.
Прадстаўнік Крамля Дзьмітрый Пяскоў заявіў журналістам, што падчас візыту рух у горадзе не перакрываўся. Памочнік украінскага мэра Марыюпалю Пятро Андрушчанка кажа, што падчас знаходжаньня Пуціна над горадам закрывалі неба. Акрамя таго, была адключана мабільная сувязь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Крамлі заявілі, што Пуцін пабываў у акупаваным Марыюпалі