У Чарнагорыі праходзяць выбары прэзыдэнта на фоне палітычнага крызісу

Міла Джуканавіч

Выбарнікі Чарнагорыі 19 сакавіка галасуюць на прэзыдэнцкіх выбарах у гонцы паміж дзейным прэзыдэнтам Міла Джуканавічам, які доўгі час заставаўся ва ўладзе, і 6 іншымі прэтэндэнтамі.

У галасаваньні маюць права ўдзельнічаць каля 540 тысяч выбарнікаў. Паводле вынікаў апытаньняў, наўрад ці пераможцу змогуць абраць па выніках першага туру выбараў.

61-гадовы Міла Джуканавіч фактычна ўзначальваў Чарнагорыю як прэзыдэнт ці прэм’ер-міністар з 1991 году. Праціўнікі Джуканавіча абвінавачваюць яго і ягоную Дэмакратычную партыю сацыялістаў у карупцыі і сувязях з арганізаванай злачыннасьцю. Джуканавіч і ягоная партыя адмаўляюць абвінавачваньні.

Галоўнымі апанэнтамі Джуканавіча на выбарах называюць Андрыя Мандзіча і Якава Мілатавіча. Мандзіч узначальвае правую партыю «Новая сэрбская дэмакратыя» і падтрымліваецца прасэрбскім Дэмакратычным фронтам, імкнецца да больш шчыльных сувязяў з Сэрбіяй і Расеяй. Якаў Мілатавіч — былы міністар эканамічнага разьвіцьця краіны, кандыдат ад руху «Эўропа цяпер».

6 сакавіка Джукановіч распусьціў парлямэнт Чарнагорыі, бо прасэрбскія партыі не змаглі дамовіцца па кандыдатуры на пасаду прэм'ер-міністра краіны, і прызначыў датэрміновыя парлямэнцкія выбары на 11 чэрвеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Чарнагорыі паліцыя разганяе пратэст супраць закону, які абмяжоўвае паўнамоцтвы прэзыдэнта

Пасьля таго, як Чарнагорыя абвясьціла сябе незалежнай ад Сэрбіі краінай у 2006 годзе, а потым далучылася да NATO ў 2017 годзе, краіна спынілася ў рэформах, якія калісьці зрабілі яе фаварытам наступнай хвалі пашырэньня Эўразьвязу.

Чарнагорыі цяжка было адхіліць этнанацыянальныя рознагалосьсі, у тым ліку праз частку насельніцтва, якая ідэнтыфікавала сябе сэрбамі, а не чарнагорцамі, а таксама напружанасьць у адносінах з уплывовай Сэрбскай праваслаўнай царквой, палітыкамі ў Бялградзе і прарасейскімі настроямі ў рэгіёне і за яго межамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Чарнагорыі вынесьлі вотум недаверу ўраду пасьля пагадненьня з Сэрбскай праваслаўнай царквой