The Guardian: ЗША аднавілі дэпартацыі грамадзян Расеі на радзіму

Злучаныя Штаты аднавілі практыку дэпартацый на радзіму грамадзян Расеі, якія парушылі, на думку ўладаў ЗША, іміграцыйнае заканадаўства, піша The Guardian. Год таму, пасьля пачатку расейскага шырокамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну, такія дэпартацыі спынілі.

Як сьцьвярджае выданьне са спасылкай на адвакатаў, малады расеец, які прыбыў у ЗША, ратуючыся ад мабілізацыі ў расейскае войска, на гэтым тыдні быў дэпартаваны ў Расею. Яго імя не называецца. Сьцьвярджаецца, што ён, як і шэраг іншых расейцаў, у мінулым годзе падаў заяву аб атрыманьні прытулку ў ЗША.

Іншыя грамадзяне Расеі, якія папрасілі прытулку ў ЗША, цяпер баяцца, што іх таксама могуць адправіць у Расею, дзе іх можа чакаць крымінальны перасьлед або адпраўка на фронт, піша The Guardian. Паводле адваката, суды ў некалькіх выпадках ужо вынесьлі рашэньні аб тым, што сама па сабе магчымасьць быць прызванымі ў войска не адпавядае крытэрам наданьня прытулку.

Амэрыканскае агенцтва па справах іміграцыі і мытні (ICE) раней на гэтым тыдні заявіла, што ажыцьцяўляе дэпартацыі замежных грамадзян, у тым ліку расейцаў, «у адпаведнасьці з указаньнямі, распрацаванымі адносна канкрэтных краін». Іншымі словамі, той факт, што дэпартацыі расейцаў аднавіліся, агенцтва не адмаўляе. Калі гэта адбылося — незразумела, у Белым доме на запыт The Guardian не адказалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асуджанага за дэзэртырства расейскага салдата зноў адправілі на вайну, ён трапіў у палон

ЗША аб’яўлялі аб прыпыненьні дэпартацый у Расею, Украіну, Беларусь і яшчэ шэраг краін у пачатку сакавіка 2022 году, менш як праз два тыдні пасьля ўварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіну. Афіцыйна аб адмене гэтага рашэньня не паведамлялі.

Многія расейцы, ня маючы амэрыканскай візы, прыляцелі ў Мэксыку і, нелегальна перайшлі мяжу з ЗША і папрасілі прытулку, лічачы, што ў сувязі з вайной ва Ўкраіне, пасьля якой дэпартацыі былі прыпыненыя, іх не адправяць на радзіму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Крамлі пацьвердзілі, што мабілізацыя ў Расеі працягваецца, хочуць павелічэньня колькасьці войска да 1,5 млн чалавек