Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна

Уладзімір Пуцін

Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Паведамленьне зьявілася на афіцыйным сайце суду.

Акрамя таго, ордэр выдадзены на ўпаўнаважаную па правах дзіцяці ў Расеі Марыю Львову-Бялову.

МКС падазрае абаіх ва ўчыненьні ваенных злачынстваў — гвалтоўных дэпартацый і перамяшчэньня насельніцтва, у прыватнасьці дзяцей, з акупаваных тэрыторый Украіны. Міжнароднае права можа расцэньваць гэта як генацыд. На сайце суду адзначана, што існуюць разумныя падставы лічыць, што Пуцін нясе асабістую адказнасьць за гвалтоўныя перамяшчэньні.

Расея не прызнае юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суду, Масква з 2016 году ня ўдзельнічае ў Рымскім статуце, які вызначае дзеяньні суду. Суд, у сваю чаргу, не прызнае імунітэту кіраўнікоў дзяржаў, калі гаворка ідзе пра расьсьледаваньне ваенных злачынстваў і перасьлед за іх.

Прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава напісала ў сваім тэлеграм-канале, што «рашэньні Міжнароднага крымінальнага суду для нашай краіны ня маюць ніякага значэньня, у тым ліку з прававога пункту гледжаньня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: Расея будзе губляць вайсковы ўплыў на постсавецкія дзяржавы