«Польшча выдаткавала $6 млрд на спробу перавароту ў Беларусі». БелТА спасылаецца на выданьне, у якога няма ані рэдакцыі, ані супрацоўнікаў

Выява з сайту агенцтва БелТА

Дзяржаўнае агенцтва БелТА апублікавала сёньня навіну з сэнсацыйным загалоўкам «Польшча выдаткавала ня менш як $6 млрд на спробу дзяржаўнага перавароту ў Беларусі». Пра гэта нібыта напісала палітычная аглядальніца польскага выданьня Niezależny Dziennik Polityczny Ганна Крамэр.

Дэталяў, якія б раскрывалі загаловак, у тэксьце БелТА няма. І гэта ня першы такі выпадак. Артыкулы са спасылкай на гэты польскамоўны сайт дзяржаўныя СМІ ў Беларусі перадрукоўваюць даволі часта. Усе яны маюць сэнсацыйныя і шакуючыя загалоўкі, накіраваныя на дыскрэдытацыю дэмакратычных сілаў Беларусі і польскіх уладаў. Але польскія журналісты ўжо некалькі гадоў таму даказалі, што ў выданьня NDP няма рэдакцыі, а артыкулы падпісваюцца журналістамі, якіх не існуе.

Яшчэ ў 2021 годзе журналісты-расьсьледавальнікі з парталу OKO.press пісалі, што галоўны рэдактар NDP Адам Каміньскі — гэта прыдуманая асоба, як і яшчэ адзін згаданы там журналіст Войцех Брожак. Электронныя лісты, якія дасылаюцца на адрас рэдакцыі, застаюцца без адказу. У Твітэры рэдактар сайту Каміньскі выкарыстоўвае скрадзены здымак літоўскага лекара. Нягледзячы на амаль 2000 падпісчыкаў, там амаль няма рэпостаў і падабаек.

Niezależny Dziennik Polityczny — партал, які працуе з 2014 году. Яго неаднаразова ідэнтыфікавалі як сайт, які распаўсюджвае дэзынфармацыю, асабліва на ваенную тэматыку. Характэрнай асаблівасьцю сайта сталі фальшывыя матэрыялы супраць амэрыканскіх войскаў у Польшчы, а таксама польскага камандаваньня.

У 2016 годзе на NDP было апублікавана фальшывае інтэрвію з польскім генэралам Міраславам Ружаньскім, тагачасным камандуючым родамі Ўзброеных сіл. У гэтым «інтэрвію» ён называў амэрыканскіх салдат трансвэстытамі і гомасэксуалістамі. Матэрыял неаднаразова абвяргаўся самім генэралам. У студзені 2019-га там апублікавалі артыкул пра нібыта дасланы прэзыдэнту Анджэю Дуду ліст польскіх генэралаў, у якім яны дамагаліся адстаўкі міністра абароны. Ліст аказаўся фэйкам. У студзені 2020 году NDP апублікаваў фэйк пра гібель камандуючага польскім вайсковым кантынгентам у Іраку падчас нападу на базу ЗША.

Пэўны час сайт спрабуе аўтэнтыфікаваць свой кантэнт празь перадрукі артыкулаў з буйных польскіх парталаў, такіх як: Onet, Fakt, Gazeta Wyborcza, O2, TVP Info, Super Express.

Польскія журналісты неаднаразова зьвярталі ўвагу, што многія тэксты на сайце, калі гэта ня скрадзеныя артыкулы з польскіх СМІ, напісаныя на вельмі кепскай польскай мове, перапоўненай русізмамі. Відэаролікі на ютуб-канале выданьня агучваюцца штучным інтэлектам, і там таксама поўна памылак у польскай мове.

Польскія журналісты з Oko.press і газэты Rzeczpospolita спрабавалі знайсьці журналістаў NDP, але пра іх няма нідзе ўзгадак, апрача самога сайту выданьня. Нідзе няма ўзгадак і пра Ганну Крамэр, на якую спасылаецца БелТА.

Rzeczpospolita сьцьвярджае, што некаторы час таму NDP разьмясьціла на сваім сайце файлы cookie для збору зьвестак пра наведнікаў. З гэтых файлаў можна было зрабіць выснову, што партал, верагодна, працуе з тэрыторыі Нідэрляндаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынесьлі выракі ў «справе Tut.by» Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай: па 12 гадоў зьняволеньня