У Сафійскім саборы ў Полацку правялі цырымонію прыёму ў БРСМ. Фота з цырымоніі апублікавала дзяржаўна газэта «Витебские вести» ад 17 сакавіка.
У падзеі ўзялі ўдзел старшыня Полацкага райвыканкаму Ігар Марковіч, начальнік упраўленьня адукацыі Полацкага райвыканкаму Ірына Драздова, намесьнік начальніка Полацкага РАУС па ідэалягічнай працы і кадрах Аляксандар Гарноўскі, старшыня Полацкай раённай арганізацыі «Белай Русі» Ірына Дзямінава.
Паведамляецца, што школьнікі падчас цырымоніі разьвіталіся зь піянэрскімі гальштукамі і ўрачыста ўступілі ў шэрагі БРСМ.
Сафійскі сабор — гэта найстарэшы хрысьціянскі храм у Беларусі, нацыянальная і рэлігійная сьвятыня беларусаў. Паходзіць зь сярэдзіны ХІ стагодзьдзя. У 1920-я яго закрылі камуністычныя ўлады, перарабілі спачатку на склад, пасьля на архіў, потым на канцэртную залю. Сабор належыць дзяржаве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стартаваў збор подпісаў супраць будаўніцтва кадэцкай вучэльні на замчышчы ў Полацку