Паводле Караева, Польшча марыць аб дзяржаве «ад мора да мора» і таму пасьля распаду СССР спрабавала «адціснуць» заходнія тэрыторыі Беларусі. Былы міністар не патлумачыў, як гэта зьвязана з выхадам да іншага, чым Балтыйскае, мора. Беларусь жа не зьяўляецца марской дзяржавай.
«І таму, пакуль мы пасьля распаду Саюзу разьбіраліся са сваёй дзяржаўнасьцю і вызначаліся з многім, яны ня спалі і далей праціскалі свой парадак дня: раз на тэрыторыі Беларусі жывуць палякі, гэта будзе пляцдарм для таго, каб зачапіцца і, прынамсі, адціснуць заходнія тэрыторыі Беларусі. Яны працягвалі: польскія школы, польскія дамы, польская культура, польская мова», — сказаў Караеў.
Пры гэтым за пэрыяд ад распаду СССР ў Беларусі ўзьніклі ўсяго дзьве польскія школы: у Ваўкавыску і Горадні. Польская мова ў гэтых навучальных установах не зьяўляецца асноўнай мовай выкладаньня.
Тым ня менш памочнік Лукашэнкі перакананы, што «вонкавыя сілы» спрабавалі разгайдаць Гарадзеншчыну.
«Глебы ў гэтых Борыс і Пачобута не было, а тое, што яны вялі сапраўды падрыўную, дывэрсійную дзейнасьць — гэта 100 працэнтаў. Улада высновы зрабіла, і беспакарана гэтым займацца ніхто ня будзе», — адзначыў Юры Караеў.
Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут — прадстаўнікі польскай меншасьці ў Беларусі. Іх арыштавалі ў сакавіку 2021 году і абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці». Гэты артыкул прадугледжвае да 12 гадоў турмы.
Борыс выпусьцілі зь СІЗА праз год пасьля затрыманьня пад падпіску аб нявыезьдзе і абавязаньні зьяўляцца на допыты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыў стаць адвакатам, іграў панк-рок. Сем фактаў пра Анджэя Пачобута, якога асудзілі на 8 гадоў8 сакавіка Анджэй Пачобут быў асуджаны па абвінавачаньні ў распальваньні нянавісьці да рэлігійных і нацыянальных груп і рэабілітацыі нацызму. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
У Беларусі жывуць сотні тысяч людзей польскага паходжаньня. Нягледзячы на гэта, спэцслужбы Беларусі ўжо шмат гадоў перашкаджаюць працы польскіх арганізацый у Беларусі. У польскай меншасьці рэжым адбіраў маёмасьць у выглядзе Польскіх дамоў і чыніць перашкоды ў асьветна-культурніцкай дзейнасьці. Летась у Беларусі пачалі зьнішчаць польскія мясьціны памяці і пахаваньні, а некалькі тыдняў таму чыноўнікі на Горадзеншчыне загаварылі пра тое, што польская мова ў касьцёлах недапушчальная. Пры гэтым права маліцца на польскай мове гарантуе Дамова аб добрасуседзтве і дружалюбным супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Польшча і Рэспублікай Беларусь, падпісаная ў 1992 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зайздрасьць і помста палёнафоба. За што Лукашэнка так ня любіць Польшчу і палякаў