Міжнародны рух русафілаў зоймецца зборам 1 мільёна подпісаў у заходніх краінах за зьняцьце антырасейскіх санкцый, а таксама стварэньнем Інстытуту барацьбы з русафобіяй і рэалізацыяй ідэі конкурсу, які б стаў антыподам «Эўравізіі».
У кангрэсе ўзялі ўдзел госьці з 42 краін, сярод якіх былы галівудзкі актор Стывэн Сігал і ўнук былога прэзыдэнта Францыі Шарля дэ Голя П’ер. Быў на зьезьдзе і дэлегат зь Беларусі Аляксей Дзермант.
Дзермант называе сябе філёзафам і працуе ў Акадэміі навук Беларусі. Часта выступае ў дзяржаўных СМІ, дзе хваліць рэжым Лукашэнкі і крытыкуе дэмакратычны рух Беларусі.
У 2002 годзе Дзермант быў адным з заснавальнікаў суполкі «GEGA рух», якая пазыцыянавала сябе як прадстаўніцтва эўрапейскага ультраправага нэаязычніцкага руху Heathen Front. У ліку сваіх папярэднікаў «GEGA рух» бачыў, сярод іншых, дзеячаў Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі.
У 2010 годзе ў інтэрвію Радыё Свабода Дзермант заявіў, што беларусам «варта пазбаўляцца ад славянафільскіх і савецкіх поглядаў на гісторыю і ўласнае паходжаньне», а таксама выказаў думку, што балцкая арыентацыя перасьцерагла б ад панславізму, які дыскрэдытаваў сябе. У 2012 годзе Дзермант быў удзельнікам круглага стала «Распад Расеі: пагрозы і стратэгіі рэгіянальнай бясьпекі», падчас якога раскрытыкаваў Эўразійскі саюз.
У 2010-я гады Дзермант супрацоўнічаў з польскай нэапаганскай арганізацыяй Niklot, якая выступала супраць зьмешваньня расаў і лічыла хрысьціянства дэструктыўнай зьявай.
У сьнежні 2014 году Аляксей Дзермант выступаў у Парыжы, на канфэрэнцыі арганізацыі «Terre et Peuple» (Зямля і чалавек). Гэта таксама нэапаганская арганізацыя, якая гаворыць пра небясьпеку «этнічнай калянізацыі» Эўропы нэаэўрапейцамі зь іншай «біялягічнай інфраструктурай».
У зьезьдзе ў Маскве прынялі ўдзел міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, радыкальны філёзаф Аляксандар Дугін, які актыўна выступае ў падтрымку вайны ва Ўкраіне, заснавальнік тэлеканала «Царьград» бізнэсовец Канстанцін Малафееў. Вітаньні накіравалі прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін і патрыярх Кірыл. Удзельнікі міжнароднага зьезду русафілаў аб’ядналіся вакол тэзы аб тым, што рух уяўляе сабой «фронт барацьбы з фашызмам», барацьбу супраць «дэкадэнцкага Захаду», які разьвязаў, на іх думку, барацьбу з Расеяй, і нейкага «гендэрнага міру».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што беларускія прапагандысты расказваюць на расейскім ТВ