ЗША: заява Масквы аб прыпыненьні ўдзелу ў Дамове аб стратэгічных узбраеньнях юрыдычна несапраўдная

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен

Злучаныя Штаты заклікалі Расею вярнуцца да выкананьня патрабаваньняў Дамовы аб стратэгічных наступальных узбраеньнях.

Невыкананьне Расеяй Дамовы аб стратэгічных наступальных узбраеньнях (СНУ-3) і заява Масквы аб прыпыненьні выкананьня палажэньняў гэтай дамовы «безадказныя і прыкрыя», гаворыцца ў апублікаванай заяве Дзярждэпартамэнту.

Больш за тое, заява Расеі аб прыпыненьні дзеяньня СНУ-3 юрыдычна несапраўдная. У выніку Расея застаецца зьвязаная сваімі абавязаньнямі па дамове. У Дзярждэпартамэнце падкрэсьлілі, што Злучаныя Штаты па-ранейшаму гатовыя канструктыўна працаваць з Расеяй дзеля поўнага выкананьня дамовы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін падпісаў закон аб прыпыненьні ўдзелу Расеі ў ядзернай дамове з ЗША. Што гэта значыць

У заяве Дзярждэпартамэнту прыводзяцца доказы несапраўднасьці сьцьвярджэньняў Крамля. Расея парушае адразу некалькі палажэньняў СНУ-3, адмаўляючыся, у прыватнасьці, ад правядзеньня праверак, хоць пагадненьне патрабуе, каб кожны бок прымаў 18 інспэкцый у год.

Акрамя таго, Расея адмаўляецца сустракацца ў органе па рэалізацыі дамовы, Двухбаковай кансультацыйнай камісіі (ДКК), нягледзячы на неаднаразовыя просьбы ЗША. Удзел у такіх сустрэчах — яшчэ адно патрабаваньне дамовы.
Расея перастала накіроўваць прадугледжаныя дагаворам апавяшчэньні пра статус і перамяшчэньні сваіх ядзерных сіл. Гэты пункт дамовы гарантуе ўзаемную празрыстасьць і прадказальнасьць абодвух бакоў у адносінах да сваіх стратэгічных ядзерных сіл.

Хоць Злучаныя Штаты лічаць, што ў 2022 годзе Расея не вяла значнай дзейнасьці, якая выходзіць за рамкі дамовы, адмова Масквы дазваляць інспэкцыі і перадаваць апавяшчэньні зьніжае здольнасьць ЗША ацэньваць разгортваньне расейскіх ядзерных узбраеньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея ўзмацняе ядзерны шантаж на фоне візыту Байдэна ў Эўропу — выведка Ўкраіны

У Дзярждэпартамэнце падкрэсьлілі, што Расея можа лёгка выправіць сытуацыю, аднавіўшы выкананьне патрабаваньняў дамовы, як было на працягу многіх гадоў: правядзеньне інспэкцый, правядзеньне сустрэч у КСТР і перадаваньне апавяшчэньняў і даных.

Злучаныя Штаты не адмаўляюць Расеі ў правядзеньні інспэкцый на амэрыканскай тэрыторыі: адразу пасьля зьняцьця абмежаваньняў, зьвязаных з пандэміяй COVID, Вашынгтон даў Маскве зразумець, што расейскія інспэктары могуць бесьперашкодна наведваць аб’екты, якія становяць для іх інтарэс.
У Дзярждэпартамэнце таксама зьняпраўдзілі сьцьвярджэньне Расеі, што дзеяньні ЗША па пераабсталяваньні пускавых установак балістычных ракет падводных лодак (БРПЛ) і цяжкіх бамбавікоў B-52H не адпавядаюць палажэньням СНУ-3.

«Гэтыя сьцьвярджэньні ілжывыя. Дзеяньні ЗША па пераабсталяваньні пускавых установак БРПЛ і цяжкіх бамбавікоў робяць пераабсталяваныя аб’екты няздольнымі прымяняць ядзерную зброю», — падкрэсьліваецца ў заяве.

Усе падрабязнасьці працэсу пераабсталяваньня і яго вынікі былі задакумэнтаваныя і перададзеныя расейскаму боку.

«Абвінавачваньні з боку Расеі ў невыкананьні дамовы Злучанымі Штатамі — беспадстаўныя спробы адцягнуць увагу ад уласных дзеяньняў Расеі і не даюць Расеі важкіх прававых падстаў для прыпыненьня дзеяньня дамовы», — дадалі ў Дзярждэпартамэнце.

У заяве гаворыцца, што ЗША былі гатовыя да канструктыўнай працы на пасяджэньні ДКС, якое павінна было адбыцца ў лістападзе 2022 году, аднак Масква раптоўна адмяніла свой удзел.

Акрамя таго, рэакцыя ЗША на расейскае ўварваньне ва Ўкраіну не вызваляе Маскву ад адказнасьці за выкананьне сваіх юрыдычных абавязаньняў па СНУ-3.

«Невыкананьне Расеяй і меркаванае прыпыненьне дзеяньня СНУ-3 не перашкодзяць Злучаным Штатам працягваць аказваць поўную падтрымку Ўкраіне», — заявілі ў Дзярждэпартамэнце, падкрэсьліўшы, што «ядзерная стабільнасьць асабліва важная падчас крызісаў, і Злучаныя Штаты будуць надалей працаваць над яе падтрыманьнем».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін заявіў, што Расея прыпыняе ўдзел у Дамове аб стратэгічных узбраеньнях