Ня выйшлі на волю трое раней затрыманых супрацоўнікаў недзяржаўнай газэты «Інфа-Курʼер» (Слуцк, Менская вобласць), паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, гаворка пра галоўнага рэдактара Сяргея Станкевіча, а таксама Глеба Рулёва і Алега Рубчэню.
Раніцай 15 сакавіка ў рэдакцыі выданьня адбыўс ператрус, усіх прысутных пры ім змусілі даць падпіску аб неразгалошваньні.
«Інфа-Курʼер» — штотыднёвік, які распаўсюджваецца ў Слуцкім, Старадароскім, Любанскім і Капыльскім раёнах Менскай вобласбці. Выдаецца з сакавіка 2001 года.
Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, таксама 15 сакавіка вобшук адбыўся ў доме галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газэты» Аляксандра Манцэвіча ў Вілейцы (Менская вобласьць). Зь ім і ягонай жонкай Нінай Манцэвіч зьнікла сувязь.
«Рэгіянальная газэта» — вядучае недзяржаўнае грамадзка-палітычнае выданьне Маладзечна і рэгіёна, якое выходзіла з 1996 года.
20 студзеня суд Маладзечанскага раёна прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» кантэнт сайта і старонак «РГ» у сацыяльных сетках.