У Польшчы суд прызначыў восем месяцаў абавязковых работ актывістцы Aborcyjny Dream Team Юстыне Выджынскай па справе аб «дапамозе аборту», піша польскае выданьне Rp.pl.
Гэта першы такі працэс у краіне. У 2020 годзе Канстытуцыйны суд Польшчы прыняў рашэньне, што перарываньне цяжарнасьці з-за дэфэктаў плоду зьяўляецца незаконным. 98% абортаў у краіне праходзяць менавіта з гэтай прычыны. Аборты дазволеныя толькі ў выпадку згвалтаваньня і інцэсту, а таксама калі жыцьцё ці здароўе маці пад пагрозай.
Aborcyjny Dream Team, паводле зьвестак выданьня, дапамагае жанчынам у Польшчы праводзіць аборты ў замежных клініках. Арганізацыя дапамагала таксама Ганне (імя зьмененае), але яна не магла выехаць за мяжу. Праз тое, што дастаўка камплекта прэпаратаў для аборту затрымлівалася, яна патэлефанавала ў арганізацыю. На званок адказала Юстына Выджынская. Яна даслала ёй таблеткі для аборту, але пра гэта даведаўся яе муж, які паведаміў у паліцыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хопіць адкладаць жаночыя праблемы на потымСупраць Выджынскай завялі крымінальную справу, абвінаваціўшы яе ў «незаконнай дапамозе аборту» і нелегальным абароце лекавых сродкаў. Па другой частцы актывістку апраўдалі. Пасьля суду актывістка сказала, што «не адчувае сябе вінаватай і ня згодная з прысудам». Суд над актывісткай ішоў амаль год.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гішпаніі прынялі закон, які прадугледжвае «мэнструальны адпачынак»