Ствараецца інфармацыйны рэсурс дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій паводле прынцыпу «адно акно»

Вольга Гарбунова

Пра стварэньне плятформы для аказаньня дапамогі палітзьняволеным, іх сем’ям і іншым уразьлівым сацыяльным групам беларускага грамадзтва абвясьціла прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) па сацыяльных пытаньнях, былая палітзьняволеная Вольга Гарбунова.

Паводле яе слоў, плятформа будзе працаваць у фармаце «аднаго акна». Плятформа паўстане ў выглядзе «апэратыўнага і інклюзіўнага інфармацыйнага рэсурсу, які зьбярэ ўсю даступную актуальную інфармацыю пра арганізацыі, фонды, ініцыятывы, дыяспары, якія дапамагаюць людзям, што сутыкнуліся з рознымі сацыяльнымі праблемамі».

Гарбунова ініцыявала плятформу, бо памятае, як гэта — «выйсьці зь зьняволеньня ў поўнай разгубленасьці, страху, дэзарыентацыі». «Кожны дзень я сустракаю людзей, якія ня могуць зразумець у вялікай плыні інфармацыі і новых назваў, дзе шукаць падтрымкі. Многія застаюцца сам-насам з сваімі праблемамі, адчуваюць сябе забытымі. Падобныя пачуцьці перажываюць іх семʼі», — акрэсьліла праблему актывістка.

Яна адзначыла, што, нягледзячы на намаганьні вялікай колькасьці арганізацый і ініцыятыў, якія з 2020 году былі ўключаныя ў дапамогу рэпрэсаваным, «мы не былі гатовыя да такой колькасьці пацярпелых, не ўлічылі стан, у якім знаходзяцца людзі, ня ведалі, што за два гады можна так хутка разбурыць у краіне ўсю сацыяльную інфраструктуру, якую дзесяцігодзьдзямі выбудоўвалі недзяржаўныя арганізацыі».

«Арганізацыі, фонды часта працуюць вельмі адасоблена, ня ведаюць пра рэсурсы адзін аднаго. Толькі абʼяднаўшы намаганьні, мы зможам дапамагчы такой вялікай колькасьці людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе», — падкрэсьліла прадстаўніца АПК.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цяжка пачынаць новае жыцьцё ў адных штанах». Што адбываецца зь беларускімі палітвязьнямі пасьля вызваленьня