Відэаапэратара Паўла Падабеда арыштавалі за рэпосты 2012 году

Павал Падабед

Журналісту інкрымінуюць «садзейнічаньне экстрэмізму».

Як стала вядома БАЖ, менскаму журналісту Паўлу Падабеду, які супрацоўнічаў з шэрагам незалежных СМІ, інкрымінуюць артыкул 361-4 Крымінальнага кодэксу («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

Неўзабаве будзе два месяцы ад моманту затрыманьня фрылянсэра, якога цяпер утрымліваюць у СІЗА № 1 Менску. Па першым часе з улікам кепскага ліставаньня і абмежаваньня ў кантактах з роднымі заставалася незразумелай прычына цікавасьці да 43-гадовага журналіста.

Аднак БАЖ высьветліла, што фармальнай прычынай выявіліся даўнія спасылкі ў ягоных сацсетках на публікацыі ў мэдыя, прызнаныя ўладамі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Прычым рэпосты датаваныя 2012 годам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 5 лютага: «хапун» у Лепелі; на відэаапэратара Падабеда завялі крымінальную справу; бард Мельнікаў на волі