У красавіку 2022 года на трасе Лубяняты — Галімшчына — Вігушкі 30-гадовы Бразінскі, знаходзячыся за рулём Volkswagen, выехаў за праезную частку. Машына перакулілася некалькі разоў. 31-гадовы пасажыр атрымаў цяжкія траўмы і ня мог аказаць сабе дапамогу, а таксама выклікаць «хуткую». Кіроўца пакінуў месца здарэньня, а пасажыр памёр.
У час сьледзтва абвінавачваны сьцьвярджаў, што ня памятае абставінаў ДТЗ. Паводле сьледчых, Бразінскі ўзяў, не спытаўшы, машыну ў свайго сябра, зь якім ён у той дзень спажываў алькаголь. Калі ўладальнік аўтамабіля пайшоў спаць, асуджаны вырашыў скарыстацца аўтамабілем і пакатацца са знаёмым. Паводле экспэртызы, у час здарэньня аўтамабіль ехаў з хуткасьцю 114 км/г замест дазволеных 90.
Бразінскага абвінавацілі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу Беларусі.
- арт. 317 ч. 4 (парушэньне правілаў дарожнага руху і эксплюатацыі транспартных сродкаў асобай, якая кіруе ў стане алькагольнага ап’яненьня, што пацягнула па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека);
- арт. 159 ч. 3 (заведамае пакіданьне ў небясьпецы, зьдзейсьненае асобай, якая сама па неасьцярожнасьці паставіла пацярпелага ў небясьпечны для жыцьця і здароўя стан);
- арт. 214 ч. 1 (згон).
Сваёй віны падсудны не прызнаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У аварыі пад Смалявічамі загінулі 11 чалавек, у тым ліку двое дзяцейКсёндз Дзяніс Бразінскі паходзіць са Смаргоняў. У 17 гадоў пачаў навучаньне ў Горадзенскай вышэйшай духоўнай сэмінарыі. Пасьля яе сканчэньня ў 2016 годзе ён служыў у Магілёве, у 2017−2020 гг. у Фарным касьцёле ў Лідзе, потым у Горадзенскай катэдры, а да лістапада 2021 года — у Іўі. Апошняе месца служэньня ксяндза — Архікатэдральны касьцёл у Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вымушаная мера»: Улады хочуць адбіраць у маршрутчыкаў аўтамабілі за парушэньні