Джо Байдэн выступіў са зваротам з нагоды краху банкаў Silicon Valley Bank і Signature Bank

Джо Байдэн выступае з нагоды банкаўскага крызісу, 13 сакавіка 2023 году

Прэзыдэнт Джо Байдэн у панядзелак выступіў са зваротам наконт надзвычайных мер, якія рэгулюючыя органы былі вымушаныя прыняць пасьля краху банкаў Silicon Valley Bank (SVB) і Signature Bank, і заявіў, што папросіць Кангрэс узмацніць нарматывы для банкаў.

Пра гэта інфармуе «Голас Амэрыкі».

Прэзыдэнт ЗША падкрэсьліў, што хуткія дзеяньні адміністрацыі павінны пераканаць амэрыканцаў у бясьпецы фінансавай сыстэмы краіны.

«Банкаўская сыстэма ЗША надзейная», — сказаў кіраўнік Белага дому.

У заяве, апублікаванай увечары ў нядзелю, прэзыдэнт адзначыў, што «міністар фінансаў і дырэктар Нацыянальнай эканамічнай рады (НЭС) старанна працавалі з банкаўскімі рэгулятарамі над вырашэньнем праблем у Silicon Valley Bank і Signature Bank».

Выступаючы ў панядзелак, Байдэн заявіў, што грошы падаткаплатнікаў ня будуць выкарыстаныя для вырашэньня праблемы.

«Усе грошы (на ўрэгуляваньне крызісу) паступяць са страхавога фонду», — растлумачыў Байдэн.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крах буйнога банку ў ЗША выклікаў трывогу на Ўол-стрыт

Новыя меры ўключаюць гарантаваньне ўкладаў у абодвух банках, стварэньне новага мэханізму, каб даваць банкам доступ да надзвычайных фондаў, і спрашчэньне для банкаў магчымасьці браць крэдыты ў Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы ў надзвычайных сытуацыях.

Байдэн падкрэсьліў, што інвэстараў банкаў прыцягнуць да адказнасьці.

«Ніхто не стаіць вышэй за закон», — канстатаваў прэзыдэнт ЗША.

У нядзельнай заяве Байдэна гаварылася, што «амэрыканскі народ і амэрыканскі бізнэс могуць быць упэўненыя, што іх банкаўскія рахункі будуць цэлыя і захаваныя».

Фэдэральная карпарацыя страхаваньня дэпазытаў у панядзелак заявіла, што перавяла ўсе ўклады Silicon Valley Bank у наваствораны прамежкавы банк і што ўсе фундатары атрымаюць доступ да сваіх грошай з раніцы панядзелка.

«Мы не павінны дапусьціць, каб гэтая сытуацыя паўтарылася», — падкрэсьліў Джо Байдэн.