У Кішынёве – прарасейская акцыя пратэсту, сутычкі і затрыманьні

Пратэст у Кішынёве

У Малдове ў нядзелю прайшоў мітынг апазыцыі, арганізаваны прарасейскай партыяй «Шор». Пратэстоўцы зьяжджаліся ў сталіцу Малдовы для ўдзелу ў мітынгу на дзясятках аўтобусаў, але іх спыніла паліцыя, паведамляюць мясцовыя СМІ.

У выніку людзі выйшлі з аўтобусаў і пайшлі ў бок Кішынёва пешшу. Выданьне Point апублікавала відэа сутычак з паліцыяй.


У самім Кішынёве ў цэнтар гораду сьцягнулі дадатковыя сілы паліцыі, яны здолелі перашкодзіць пратэстоўцам прарвацца да будынка парлямэнту. Як паведаміў Генэральны інспэктарат паліцыі, затрымана каля 50 чалавек.

Удзельнікі акцыі пратэстуюць супраць павышэньня коштаў і патрабуюць, каб урад пагасіў усім грамадзянам выдаткі на камунальныя паслугі за зімовыя месяцы.

У паліцыі Малдовы заявілі, што расейскія спэцслужбы хочуць дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне. Паводле кіраўніка паліцыі, арганізатары мітынгаў падрыхтавалі 10 груп па 10 чалавек кожная. Учора семярых удзельнікаў гуртоў затрымалі. Спэцслужбы заяўляюць, што дзеяньні арганізатараў каардынаваліся з Расеі, усім удзельнікам нібыта прапаноўвалі за беспарадкі грашовую ўзнагароду.

  • Прарасейская партыя «Шор» апошнім часам вядзе інтэнсіўную пратэставую дзейнасьць супраць арыентаванага на збліжэньне з Захадам ураду Малдовы.
  • У сярэдзіне лютага прэзыдэнт Мая Санду абвінаваціла Расею ў спробе ўмяшаньня ва ўнутраныя справы дзяржавы. Паводле яе вэрсіі, плян расейскіх уладаў прадугледжваў уезд у Малдову грамадзян Расеі, Чарнагорыі, Беларусі і Сэрбіі, каб паспрабаваць скінуць урад.
  • Расія называе гэтыя абвінавачаньні спробай улад Малдовы адцягнуць грамадзкасьць ад уласных няўдач у эканамічнай і сацыяльных сфэрах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Малдовы закрылі цэнтар Кішынёва, дзе плянавалася прарасейская акцыя

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памежнікі Ўкраіны расказалі, як падчас вайны адсочваюць сытуацыю на мяжы зь Беларусьсю, Малдовай і Расеяй